Пошук

Папа маліўся ў Фаціме аб заканчэнні вайны і міры ў свеце

5 жніўня 2023 года Святы Айцец на некалькі гадзін пакінуў Лісабон, каб наведаць марыйны санктуарый у Фаціме, дзе правёў ружанцовую малітву ў інтэнцыі міру.

Аляксандр Панчанка – Vаtican News

Разам з Францішкам маліліся хворыя і няпоўнаспраўныя маладыя людзі з розных частак свету, невялікая група вязняў і каля 200 тысяч пілігрымаў. Перад гэтым мясцовы біскуп Жазэ Арнэлас заклікаў усіх далучыцца да малітвы Святога Айца за мір, думаючы асаблівым чынам пра вайну ва Украіне і іншыя канфлікты ў свеце, якія абцяжарваюць жыццё сучасных і будучых пакаленняў. Іерарх заахвоціў асаблівым чынам маліцца за дзяцей і моладзь, якія сталі ахвярамі хвароб, галечы, голаду, канфліктаў, злоўжыванняў, несправядлівасці і адчужэння.

Святы Айцец у сваёй прамове звярнуўся да сімвалізму Капліцы аб’яўленняў, у якой праходзіла малітва. Папа заўважыў, што яна не мае дзвярэй і менавіта такім павінен быць Касцёл: домам радасці, адкрытым для ўсіх. Касцёл павінен “спрашчаць сустрэчу людзей з Богам”, быць “месцам для ўсіх, бо кожны чалавек важны ў вачах Пана і Багародзіцы”, - дадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што жыццё Панны Марыі было пастаянным пілігрымаваннем: Яна заўсёды спяшалася з дапамогай туды, дзе была патрэба, суправаджала Касцёл, але не станавілася галоўнай гераіняй: указвала на Езуса і заклікала рабіць тое, што кажа Ён. Францішак падкрэсліў, што Багародзіца працягвае рабіць гэта да сённяшняга дня, таму важна суцішыцца і задумацца пра тое, на што Яна ўказвае ў нашым жыцці.
 

05 жніўня 2023, 13:13