Папа моліцца за ахвяр пажараў на Гаваях
Марыя Валодзіна - Vatican News
У тэлеграме на імя арцыбіскупа Крыстофа П'ера, апостальскага нунцыя ў ЗША, Пантыфік выказаў свой глыбокі смутак у сувязі з “весткай аб гібелі людзей і разбурэннях, выкліканых пажарамі на гавайскім востраве Маўі”. Францішак салідарны “з усімі, хто пацярпеў ад гэтай трагедыі, асабліва з тымі, чые блізкія загінулі або прапалі без вестак”.
Папа запэўніў у сваіх малітвах за загінулых, параненых і перамешчаных асоб, а таксама за супрацоўнікаў службаў выратавання. “У знак сваёй духоўнай блізкасці” Святы Айцец заклікаў Усемагутнага Бога паслаць народу Маўі благаслаўленне, якое дае моц і супакой.
На Гаваях бушуюць пажары, якія пагаршаюцца засухай, спякотай і моцным ветрам. Паведамляецца пра шматлікіх загінулых і тысячы бежанцаў. Улады вострава абвясцілі надзвычайнае становішча.