Папа: маліцца за ахвяр пажараў у Грэцыі і не забываць пра Украіну
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Запэўніваю ў маіх малітвах за ахвяр пажараў, якія ўспыхнулі ў гэтыя дні ў паўночна-ўсходняй Грэцыі, і выказваю сваю салідарнасць з грэчаскім народам. І будзем заўсёды заставацца блізкімі да ўкраінскага народа, які пакутуе ад вайны, і пакутуе вельмі: не забывайма пра Украіну!”, - сказаў Папа пасля малітвы Анёл Панскі, якую 27 жніўня 2023 года правёў на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.
Францішак спаслаўся таксама на літургічны ўспамін святой Монікі, маці святога Аўгустына, які адзначаецца ў Касцёле. “Сваімі малітвам і слязамі, яна прасіла Пана аб навяртанні свайго сына; была моцнай, цудоўнай жанчынай! Давайце памолімся за шматлікіх маці, якія пакутуюць ад таго, што іх сыны крыху згубіліся ці знаходзяцца на складаных шляхах у жыцці”, - заахвоціў вернікаў Папа.