Пошук

Францішак на цырымоніі адкрыцця СДМ-2023: Бог любіць нас!

Памятаць і нагадваць адзін аднаму аб тым, што Бог любіць нас, - заклікаў Францішак удзельнікаў цырымоніі адкрыцця Сусветных дзён моладзі – 2023 у Лісабоне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Увечары 3 жніўня 2023 года Францішак прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Сусветных дзён моладзі, якая прайшла ў лісабонскім парку Эдуарда VII. З гэтага вялізнага парка, названага ў гонар караля Вялікабрытаніі, адкрываецца выдатны від на гарадскія пагоркі і кварталы. Парк упрыгожваюць штучныя сажалкі, скульптуры, павільён і аранжарэя, а таксама самы вялікі ў свеце сцяг Партугаліі.

Цырымонія адкрыцця СДМ распачалася спевамі і кароткім прывітальным словам Патрыярха Лісабона. Пасля таго, як былі ўнесены дзяржаўныя сцягі і сімвалы СДМ, крыж пілігрыма і марыйны абраз, з прамовай да моладзі звярнуўся Святы Айцец.

Папа запэўніў маладых удзельнікаў свята, што яны сабраліся не выпадкова, а таму што кожнага з іх паклікаў Пан. Ён кліча кожнага з нас па імені, таму што ў вачах Бога мы – каштоўныя дзеці, якіх Ён абдымае і падбадзёрвае штодзень, жадаючы зрабіць кожнага з нас унікальным і арыгінальным шэдэўрам.

На думку Пантыфіка, Сусветныя дні павінны дапамагчы моладзі ўсвядоміць адну істотную рэчаіснасць: мы каштоўныя ў вачах Бога, нас любяць такімі, якія мы ёсць. Гэта адпраўная кропка не толькі для фестывалю, але і для ўсяго жыцця.

Бог кліча кожнага з нас па імені, таму што для Яго мы не нумары, а асобы. Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што сёння многія ведаюць нашы імёны: яны з'яўляецца ў сацыяльных сетках, іх ведаюць алгарытмы, якія апрацоўваюць нашы густы і перавагі. “Аднак усё гэта тычыцца не вашай унікальнасці, а вашай карыснасці для рынкавых даследаванняў”, - папярэдзіў Папа. За ілжывымі ўсмешкамі хаваюцца ваўкі, якія ведаюць вашы імёны, але не жадаюць вам дабра, абяцаюць шчасце, каб потым пакінуць унутры вас пустэчу. Езус жа не такі: Ён верыць у вас, для Яго вы маеце значэнне, - сказаў Францішак.

Касцёл – гэта супольнасць пакліканых, супольнасць братоў і сясцёр Езуса, сыноў і дачок аднаго Айца. У Касцёле ёсць месца для ўсіх, а калі яго няма, трэба зрабіць так, каб яно было, нават для тых, хто памыляецца, для тых, хто падае. Пан не паказвае пальцам, а раскрывае рукі ў абдымках, не зачыняе дзверы, а запрашае ўвайсці, не трымае на адлегласці, а вітае, - зазначыў Святы Айцец, заклікаючы маладых людзей нагадваць адзін аднаму, пра тое, што Бог любіць нас.

Цырымонія адкрыцця СДМ-2023
03 жніўня 2023, 20:15