Пошук

Папа прыбыў у Лісабон: сустрэча з палітычнымі лідарамі

Святы Айцец прыбыў у Партугалію. Папскі самалёт прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце Лісабона ў 9.43 раніцы 2 жніўня 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Адразу пасля прыбыцця на борт самалёта ўвайшлі апостальскі нунцый у Партугаліі і кіраўнік пратакольнай службы.

Ля трапу Папу сустрэў Прэзідэнт Партугаліі Марселу Рэбелу дэ Соуза. Двое дзяцей у традыцыйных строях уручылі высокаму госцю кветкі. Пасля кароткай размовы, Францішак і прэзідэнт Партугальскай Рэспублікі накіраваліся ў VIP-залу, дзе падчас кароткай сустрэчы былі прадстаўлены ватыканская і партугальская дэлегацыі.

Пасля гэтага Святы Айцец адправіўся ў Беленскі палац, дзе адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання і сустрэча з Прэзідэнтам Партугаліі. Ля галоўнага ўваходу ў Беленскі палац Пантыфіка і кіраўніка дзяржавы сустрэне ганаровая варта, прагучаць гімны Ватыкана і Партугаліі.

Францішак прыбыў у Лісабон

Беленскі палац, пабудаваны ў XVI стагоддзі каралём Мануэлем I, з'яўляецца афіцыйнай рэзідэнцыяй Прэзідэнта Партугаліі. Ён месціцца на ўзгорку ў лісабонскім раёне Белен у непасрэднай блізасці ад кляштара еранімітаў Жэранімум і ракі Тэжу. Палац уяўляе сабой адзін з самых вядомых прыкладаў партугальскай архітэктуры, упрыгожаны садамі і багата аздобленымі заламі.

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Святы Айцец скіруецца ў Беленскі культурны цэнтр, дзе звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Потым у Апостальскай нунцыятуры ў Лісабоне ён прыме Прэм’ер-міністра Партугаліі Антоніу Кошту і Прэзідэнта Асамблеі Рэспублікі Аўгусту Сантуша Сільву.

Першы дзень падарожжа завершыцца наведваннем кляштару Жэранімум, дзе Папа правядзе малітву Нешпараў і звернецца да партугальскага духавенства.

02 жніўня 2023, 12:00