Пошук

Айцец Альфонса Амарантэ Айцец Альфонса Амарантэ 

Папа прызначыў рэдэмптарыста рэктарам Латэранскага ўніверсітэта

Францішак прызначыў рэктарам Папскага Латэранскага ўніверсітэта манаха-рэдэмптарыста Альфонса Амарантэ, былога дэкана Accademia Alfonsiana – Папскага інстытута маральнай тэалогіі, узводзячы яго ў сан арцыбіскупа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Італьянец раней выконваў шэраг адказных абавязкаў у сваёй кангрэгацыі. Быў выкладчыкам у Accademia Alfonsiana, Папскім факультэце тэалогіі Паўднёвай Італіі ў Неапалі і Папскім універсітэце Урбаніяна, кансультантам Дыкастэрыі па справах кананізацыі. З 2017 года ён выкладае маральную тэалогію ў Латэранскім універсітэце. Альфансіянскую акадэмію ўзначальваў з 2018 года. З’яўляўся сакратаром Канферэнцыі рэктараў папскіх рымскіх універсітэтаў і інстытутаў. З 2019 года быў інспектарам Агенцтва Святога Пасада па ацэнцы і павышэнню якасці касцёльных універсітэтаў і факультэтаў (AVEPRO).

У лісце, скіраваным 1 жніўня 2023 года да новага рэктара Латэранскага ўніверсітэта, Францішак указаў на неабходнасць умацавання навучальнай установы, павышэння яе эфектыўнасці, “лепшага выканання яе першай задачы: абвяшчаць праўду і радасць Евангелле праз вывучэнне, разважанне і навуковую працу”.

"Папскі ўніверсітэт павінен будзе пагрузіцца ў гэту місію, усведамляючы сваю асаблівую блізкасць да Наступніка святога Пятра і яго задачу ўмацавання братоў, і гэта ў той гістарычны, касцёльны і культурны перыяд, у які Пан паклікаў нас жыць", - адзначыў Францішак.

1 жніўня 2023 года Папа стварыў таксама Вышэйшую каардынацыйную раду Латэранскага ўніверсітэта і прызначыў яе чальцоў. У лісце да новага рэктара ён патлумачыў, што зрабіў гэта, каб дапамагчы ў распрацоўцы плана развіцця папскай ВНУ.

“Ваша задача заключаецца ў тым, каб уключыць Латэранскі ўніверсітэт у жаданы мною працэс рэарганізацыі Папскіх акадэмічных устаноў Рыма, які каардынуе Дыкастэрыя па культуры і адукацыі. Веру, што, выступаючы як голас усяго ўніверсітэта, вы зробіце разумны, разважлівы, творчы і адважны ўклад у гэты працэс, які пачнецца 12 верасня 2023 года”, - напісаў Святы Айцец айцу Альфонса Амарантэ.
 

01 жніўня 2023, 13:50