Пошук

Папа: служэнне дазваляе ўбачыць жыццё з лепшай перспектывы

Апошняй падзеяй Апостальскага падарожжа Папы ў Партугалію стала яго сустрэча з валанцёрамі Сусветных дзён моладзі. Яна прайшла 6 жніўня 2023 года на акіянічным узбярэжжы Алжэс каля Лісабона.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа падзякаваў арганізатарам форума за прыклад сумеснай працы, якую назваў сапраўдным служэннем. Нагадваючы прыклад Панны Марыі, якая пасля Звеставання паспяшыла з дапамогай да сваёй сваячцы Альжбеты, Францішак падкрэсліў: “Той, хто любіць, не стаіць склаўшы рукі, але спяшаецца паслужыць іншым”.

Святы Айцец прызнаўся, што заўважыў у вачах валанцёраў радасць ад служэння, якую яны мелі нягледзячы на стомленасць ад цяжкай працы. Ён падзякаваў маладым людзям за тое, што прыбылі ў Лісабон, каб служыць, а не каб ім служылі.

Францішак спаслаўся на сведчанні валанцёраў, якія прагучалі на пачатку сустрэчы. Усе яны казалі, што праца на СДМ стала для іх магчымасцю сустрэць Езуса. “Гэта самая важная сустрэча ў нашым жыцці”, - сказаў Папа, адзначаючы, што штодзённае аднаўленне асабістай сустрэчы з Езусам – гэта сэрца хрысціянскага жыцця. Ён падкрэсліў, што маленькае “так”, сказанае Езусу, можа змяніць жыццё, але таксама вельмі карыснымі з’яўляюцца “так”, сказаныя ў служэнні іншым людзям.

Пантыфік адзначыў, што праца і малітва разам з іншымі дапамагаюць ўпарадкаваць жыццё: каб навесці парадак у жыцці патрэбны не матэрыяльныя рэчы, забавы і грошы, але неабходна пашырыць сэрца, адкрыўшы яго на любоў.

Пантыфік заклікаў валанцёраў уздымацца на хвалях любові, на падабенства сёрфераў. “Будзьце сёрферамі любові! Няхай служэнне, якое вы аказалі на Сусветных днях моладзі, будзе першай з вялікіх хваляў дабра”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што гэта дазволіць стаць яшчэ бліжэй да Бога і ўбачыць жыццёвы шлях з лепшай перспектывы.
 

06 жніўня 2023, 19:48