Папа надаў касцёльны статус Панамерыканскаму камітэту суддзяў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
18 жніўня 2023 года ў Ватыкане быў абнародаваны хірограф Святога Айца, у якім гаворыцца, што ён падтрымаў просьбу заснавальнікаў Камітэта і ўхваліў наданне яму статуса прыватнага міжнароднага аб’яднання вернікаў у адпаведнасці з канонамі 298-311 і 311-329 Кодэксу кананічнага права Каталіцкага Касцёла.
Францішак зацвердзіў таксама статут і лагатып COPAJU. Старшынёй аб’яднання на пяцігадовы тэрмін ён прызначыў аргентынскага суддзю Рабэрта Андрэаса Гальярда. Рашэнні ўвойдуць у сілу 31 жніўня 2023 года.
Разам з тым, Папа стварыў Інстытут па вывучэнні і прасоўванні сацыяльных правоў імя Барталамэ дэ лас Касаса. Установа будзе дзейнічаць у рамках Папскай акадэміі сацыяльных навук пад кіраўніцтвам і пры фінансавай падтрымцы Панаамерыканскага камітэта суддзяў па сацыяльных правах і францішканскай дактрыне. Яна будзе праводзіць даследаванні ў сферы сацыяльных правоў, міграцыі і каланізацыі.
Панамерыканскае аб’яднанне суддзяў, якія спецыялізуюцца на абароне сацыяльных правоў чалавека, узнікла ў 2017 годзе у Аргентыне. У 2019 годзе яго члены сабраліся ў Ватыкане на канферэнцыі, прысвечанай сацыяльным правам і вучэнню Францішка. На цяперашні момант у склад Камітэта ўваходзяць работнікі сферы правасуддзя з Аргентыны, Чылі, Калумбіі, Перу, Бразіліі, Мексікі, ЗША і Парагваю.