Сусветныя дні моладзі 2027 года пройдуць у Сеуле
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Перад малітвай Анёл Панскі, якая прайшла 6 жніўня 2023 года пасля святой Імшы на заканчэнне Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне, Папа падзякаваў касцёльным і дзяржаўнымі ўладам Партугаліі, арганізатарам форума, валанцёрам і ўсім яго ўдзельнікам.
Святы Айцец заклікаў моладзь не забываць пра досвед, перажыты на СДМ, і ўваскрашаць яго ў памяці калі наступяць непазбежныя моманты стомленасці і смутку, а магчыма, і спакусы спыніць шлях і закрыцца ў сябе. Францішак прывітаў таксама людзей, якія не мелі магчымасці прыехаць у Партугалію, але прымалі ўдзел у ініцыятывах, арганізаваных у мясцовых Касцёлах.
“Мы суправаджаем думкамі і малітвамі таксама тых, хто не змог прыехаць па прычыне шматлікіх канфліктаў і войнаў. Думаючы пра гэты кантынент, я адчуваю глыбокі смутак па ўмілаванай змучанай Украіне”, - сказаў Папа, прызнаючыся, што яго самай вялікай марай з’яўляецца мір: каб маладыя людзі маліліся аб міры, жылі ў міры і будавалі мірную будучыню. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат маліцца за мір, калі яны вернуцца ў свае краіны. “Вы – знак міру для ўсёй зямлі, сведчанне таго, што нацыянальнасці, мовы і гісторыі могуць аб’ядноўваць, а не раздзяляць. Вы – надзея на іншы свет!”, - дадаў Святы Айцец.
Францішак заклікаў моладзь прыбыць у Рым з нагоды Юбілейнага 2025 года, а таксама абвясціў што 41-я Сусветныя дні моладзі адбудуцца ў сталіцы Паўднёвай Карэі – горадзе Сеуле ў 2027 годзе. “Такім чынам мы пяранясёмся з заходніх межаў Еўропы на Далёкі Усход: гэта прыгожы знак паўсюднасці Касцёла і мары аб еднасці, сведкамі якой вы з’яўляецеся!“, - сцвердзіў Пантыфік.