Святы Айцец даверыў Марыі сваё падарожжа на СДМ у Лісабон
Перад тым, як распачаць апостальскі візіт у Партугалію, Пантыфік па традыцыі накіраваўся ў рымскую базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся перад цудатворнай іконай Маці Божай Salus Popoli Romani.
Марыя Валодзіна – Vatican News
Францішак, верны звычаю, якога ён прытрымліваецца ўсе гады пантыфікату, наведаў галоўную марыйную святыню Рыма, каб даручыць Панне Марыі сваю апостальскую паездку ў сталіцу Партугаліі і ўсіх удзельнікаў СДМ з пяці кантынентаў.
Як адзначаецца ў паведамленні Залы Друку Святога Пасада, падчас традыцыйнай пілігрымкі, якая адбылася 31 ліпеня 2023 года, Святы Айцец памаліўся перад цудатворным абразом Багародзіцы Salus populi romani, “даверыўшы ёй сваё падарожжа і тысячы юнакоў і дзяўчат, з якімі ён сустрэнецца ў бліжэйшыя дні”.
Святы Айцец накіруецца ў Лісабон для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі раніцай 2 жніўня 2023 года. Гэта будзе 42-е апостальскае падарожжа Францішка.
01 жніўня 2023, 09:43