Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: дзверы Касцёла адкрыты для ўсіх

Францішак падзяліўся марай пра тое, каб у будучыні Касцёл быў як мага больш адкрытым на дзейнасць Святога Духа. Аб гэтым ён казаў падчас сустрэчы з партугальскімі езуітамі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

28 жніўня 2023 года езуіцкі часопіс La Civiltà Cattolica апублікаваў на сваіх старонках стэнаграму размовы Святога Айца з яго сабратамі па Таварыстве Езуса. Яна адбылася 5 жніўня 2023 года ў лісабонскім езуіцкім каледжы імя святога Жуана дэ Брыта падчас візіту Папы ў сталіцу Партугаліі з нагоды Сусветных дзён моладзі.

Пантыфік падкрэсліў, што марыць пра Касцёл, адкрыты на дзейнасць Святога Духа і таму вельмі часта падкрэслівае важнасць малітвы і духоўнага распазнавання. Ён звярнуў увагу таксама на каштоўнасць штодзённага рахунку сумлення.

Метад штодзённага сузірання атрыманых Божых дароў і ўсіх знакаў і ўчынкаў, якія могуць аддаліць нас ад Пана, мае на мэце выратаваць нас ад павольнага ўпадзення ў грэх. Пастаяннае ўгляданне ў сэрца па-сапраўднаму дзейнічае, але да яго трэба ставіцца сур’ёзна, - нагадаў Святы Айцец, дадаючы, што рахунак сумлення можа дапамагчы абараніцца ад многіх праблем, у тым ліку ад клерылізму.

Францішак заклікаў весці дыялог са светам, не замыкацца ў сваім коле з-за страху перад грахом, прысутным у ім. У той жа час, трэба быць асцярожнымі і не паддавацца свецкасці, адрозніваць дыялог ад пераймання. Тут варта зазірнуць углыб сябе, паглядзець на памкненні ў сваім сэрцы, а таксама на матывацыю, неабходна пытацца ў сябе: “Які дух рухае мной?”.

Папа падчас сустрэчы ў партугальскімі езуітамі
Папа падчас сустрэчы ў партугальскімі езуітамі

Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць развіцця, руху наперад, руху ўгару, адкуль адкрываецца лепшая перспектыва. Ён папярэдзіў пра небяспеку схільнасці “вяртацца назад”, якую называе “інд’етрызмам” (ад італьянскага indietro – назад). Папа прызнаў, што гэта тэндэнцыя існуе ў некаторых касцёльных колах, якія супраціўляюцца рашэнням Другога Ватыканага Сабора, і што гэты “рэакцыйны падыход” вельмі арганізаваны.

Святы Айцец лічыць, што “вяртанне назад бессэнсоўнае”, і што існуе “слушная эвалюцыя” у разуменні пытанняў веры і маралі. “Навучанне прагрэсіруе і ўмацоўваецца з часам”, - сказаў ён. Трэба мець карані ў традыцыі, з якой цякуць жыццядайныя сокі, але нельга імкнуцца да адсутнасці перамен. “Змены неабходныя”, а “разуменне навучання Касцёла як маналіту – памылковае”, - сказаў Папа, ставячы ў прыклад эвалюцыю поглядаў на атамную зброю, смяротнае пакаранне ці рабства, да якіх раней былі больш талерантныя адносіны з боку некаторых Папаў. Пантыфік папярэдзіў, што вера не павінна ператварацца ў ідэалогію.

Падчас папскай сустрэчы з партугальскімі езуітамі гаворка ішла таксама пра інклюзіўнасць Касцёла. Францішак нагадаў пра важнасць увагі да бедных, а таксама душпастырскай апекі над людзьмі, якім цяжка знасці сваё месца ў супольнасці вернікаў, напрыклад над гомасексуалістамі. Ён адзначыў, што ўсе пакліканы да жыцця ў Касцёле, але неабходна разважліва і ўважліва весці іх да як мага больш сталага жыцця верай. І тут кожны выпадак патрабуе асаблівага падыходу, - дадаў Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што з вялікай радасцю назірае за падрыхтоўкай да Сінода Біскупаў. Ён нагадаў, што Сінод – не яго вынаходніцтва. Гэту форму аднавіў у Касцёле Павел VI, а цяпер мы рухаемся да сапраўднай і больш сталай сінадальнасці, якая заключаецца ў тым, каб паставіць у цэнтр Святога Духа і прыслухоўвацца да тых месцаў, дзе Ён, магчыма, хоча выявіць сябе.

Гаворачы пра тое, што выклікае ў яго найбольшае хваляванне, Папа сказаў, што гэта войны. “Мы бачым, што адбываецца ў свеце. Не трэба, каб я нешта дадаваў”, - з жалем сказаў Францішак.
 

29 жніўня 2023, 10:24