Пошук

Аўдыенцыя для членаў Міжнароднай каталіцкай сеткі заканадаўцаў Аўдыенцыя для членаў Міжнароднай каталіцкай сеткі заканадаўцаў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: хрысціянская сетка – адказ на тэндэнцыі дэгуманізацыі

Тэхнакратычная парадыгма, якая пануе сёння, закранае жыццёва важныя аспекты існавання кожнага чалавека і ставіць “глыбокія пытанні” аб месцы і дзейнасці чалавечай асобы ў свеце, зазначыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

26 жніўня 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 200 удзельнікаў 14-й штогадовай сустрэчы Міжнароднай каталіцкай сеткі заканадаўцаў (International Catholic Legislators Network) – арганізацыі, якая садзейнічае фармацыі новага пакалення каталіцкіх лідараў, здольных прасоўваць сацыяльнае вучэнне Касцёла ў грамадскай сферы.

Сёлетняе пасяджэнне міжнароднай сеткі было прысвечана тэме “тэхнакратычнай парадыгмы”. Пантыфік адзначыў, што першым аспектам яе негатыўнага ўплыву з’яўляецца падштурхоўванне людзей, асабліва моладзі да скажонага выкарыстання свабоды.

“Мы бачым гэта, калі людзей заахвочваюць людзей кантраляваць, а не адказна клапаціцца пра матэрыяльныя і эканамічныя “аб’екты”, прыродныя рэсурсы нашага супольнага дома і нават адно аднаго”, - сказаў Папа, дадаючы, што гэта асабліва негатыўна адбівацца на самых бедных і слабых членах грамадства.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на дэгуманізацыю, да якой вядзе тэхнакратычная парадыгма ў камунікацыйнай сферы. Гаворка ідзе пра “распаўсюджванне фэйкавых навін, распальванне нянавісці і падзелаў”, “звядзенне чалавечых адносін да алгарытмаў”, а таксама “спрыянне фальшывым пачуццям прыналежнасці, асабліва сярод моладзі, якія могуць весці да ізаляцыі і самотнасці”.

Папа падкрэсліў, што толькі пераадолець гэтыя скажэнні магчыма дзякуючы “культуры сапраўднай сустрэчы”, заснаванай на павазе і слуханні, у тым ліку тых, хто думае інакш. Ён заўважыў, што будаваць сетку, значыць не толькі аб’ядноўваць людзей, але таксама даваць ім магчымасць супрацоўнічаць для дасягнення супольнай мэты.

“Гэтыя два аспекты – злучэнне і супольная мэта – характарызуюць вашу працу і адначасова адлюстроўваюць жыццё самаго Касцёла, Божага народа, пакліканага жыць у еднасці і місіі”, - сказаў Францішак, дадаючы, што па-сапраўднаму хрысціянская сетка, якой з’яўляецца аб’яданне прысутных на аўдыенцыі заканадаўцаў, сама па сабе з’яўляецца “адказам на тэндэнцыі, якія дэгуманізуюць”.

“Будучы па-сапраўднаму каталіцкай міжнароднай сеткай, вы пераканаўча ўказваеце альтэрнатыву той тэхнакратычнай тыраніі, якая прымушае нашых братоў і сясцёр проста прысвойваць рэсурсы прыроды і чалавечага існавання, адначасова памяншаючы іх здольнасць прымаць рашэнні і жыць па-сапраўднаму свабодна”, - сказаў Святы Айцец.

26 жніўня 2023, 12:04