Пошук

Папа падчас наведвання храма вальдэнсаў у Турыне ў 2015 годзе Папа падчас наведвання храма вальдэнсаў у Турыне ў 2015 годзе 

Францішак звярнуўся да італьянскіх метадыстаў і вальдэнсаў

“Глыбокага досведу Хрыста, які прымае, скіроўвае і вядзе да поўнага адзінства з Ім і братамі і сёстрамі”, - пажадаў Папа ўдзельнікам Сінода італьянскіх метадыстаў і вальдэнсаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

180 дэлегатаў, 30 замежных гасцей і прадстаўнікоў іншых Цэркваў сабраліся 20-25 жніўня ў Торэ Пелічэ каля Турына. Галоўныя тэмы сёлетняга Сінода: роля Царквы ў грамадстве, вера, этыка, а таксама падрыхтоўка да святкавання 850-годдзя зараджэння руху П’ера Вальдо ў французскім Ліёне. Яно запланавана на 2024 год.

Ад імя Францішка ўдзельнікаў сходу прывітаў у кароткім пасланні кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін. “Яго Святасць, узносячы малітву праслаўлення Бога Айца за дары, атрыманыя праз экуменічны дыялог, а таксама за гарманічнае супрацоўніцтва паміж Цэрквамі, прагне духоўна далучыцца да гэтай важнай падзеі, каб узрастаць ва ўзаемным знаёмстве і разам даваць сведчанне Евангелля Езуса”, - гаворыцца ў прывітальнай тэлеграме.

Метадысты і вальдэнсы аб’яднаны ў Саюз медатысцкіх і вальдэнскіх Цэркваў. Гэта найбуйнейшая пасля каталіцтва хрысціянская канфесія ў Італіі: яна налічвае каля 30 тысяч вернікаў. Сінадальная асамблея праводзіцца кожны год і завяршаецца выбарамі на адміністрацыйныя і выканаўчыя пасады ў структуры Саюза.
 

22 жніўня 2023, 09:47