Пошук

Францішак да азіяцкай моладзі: будзьце сведкамі гармоніі

Францішак прыняў удзел у анлайн-сустрэчы з дванаццаццю студэнтамі каталіцкіх універсітэтаў Індыі, Непала і Пакістана, якая прайшла 26 верасня 2023 года ў рамках ініцыятывы Будаўніцтва мастоў (Building Bridges).

Марыя Валодзіна – Vatican News

Размова Пантыфіка са студэнтамі з Паўднёвай Азіі была арганізавана Папскай камісіяй па справах Лацінскай Амерыкі і чыкагскім Універсітэтам Ігнацыя Лаёлы. Яна стала трэцяй па ліку віртуальнай сустрэчай Папы са студэнтамі. Першыя дзве размовы з амерыканскімі і афрыканскімі студэнтамі прайшлі ў 2022 годзе.

Тры студэнткі з Індыі, Непала і Пакістана распавялі Святому Айцу пра дыскрымінацыю хрысціянскай меншасці, пра забабоны і пераслед з боку фундаменталістаў, пра немагчымасць заўсёды свабодна вызнаваць сваю веру, і страх таго, што яна можа пахіснуцца.

Па словах Папы, хрысціянскае сведчанне гэтых дзяўчат "кранае сэрца" і нагадвае пра пакутніцтва пакістанкі Азіі Бібі – нявіннай ахвяры фанатызму. Адзіным адказам на секулярызм з'яўляецца “сведчанне, падмацаванае перакананнем у тым, што ў Бога ёсць для мяне план", - адзначыў Францішак, параіўшы моладзі чэрпаць натхненне ў смеласці сваіх бацькоў, якія прызналі ў Езусе Збаўцу.

Страхам страціць сваю культурную і рэлігійную ідэнтычнасць падзялілася з Папам маладая эмігрантка Разіта, якая вывучае эканоміку і сацыялогію ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Пантыфік нагадаў, што ў Пяцідзесятніцу Святы Дух дазволіў усім зразумець адзін аднаго. Ён заахвоціў моладзь імкнуцца дасягнуць паразумення з іншымі, захоўваючы пры гэтым сваю ўласную веру. Францішак падкрэсліў, што яго бацька таксама быў мігрантам. Тыя, хто жыве па-за межамі сваёй краіны, у дыяспары, пачынаюць новы шлях, "не забываючы пра свае карані", - зазначыў Папа.

Некалькі студэнтаў узнялі такія тэмы, як булінг, у тым ліку і цкаванне ў сацыяльных сетках. Папа падзяліўся ўспамінам аб тым, як разам з аднакласнікамі “смяяўся над вельмі тоўстым хлопчыкам”, які ўпаў на падлогу. “Калі мой бацька даведаўся пра гэта, ён адправіў мяне к яму дамоў, прасіць прабачэння", - распавёў Францішак, дадаючы, што той хлопец “быў прыгожым, гарманічным чалавекам”, які пераадолеў траўму цкавання і стаў пратэстанцкім пастарам. У кожнага чалавека ёсць свая прыгажосць, унутраная ці знешняя гармонія, трэба толькі ўмець яе распазнаць, - параіў Пантыфік.

Маладыя людзі здзяйсняюць самагубства, "калі больш не бачаць гарызонт, а толькі зачыненыя перад іх марамі дзверы”. “Калі анёлы падаюць і не могуць падняцца, нам, людзям, Бог даў такую здольнасць, як трываласць”, - заўважыў Францішак. Неабходна знайсці каго-небудзь, хто дапаможа падняцца, - параіў ён, запрашаючы моладзь ніколі не губляць пачуццё гумару, неабходнае для "псіхічнага здароўя".

Разважаючы з індыйскімі студэнтамі пра выклікі Інтэрнэту і лічбавых тэхналогій, Папа адзначыў, што пераадолець іх магчыма з дапамогай “мовы розуму, сэрца і рук". Ён заклікаў моладзь пазбягаць ідэалогій, імкнуцца да роўнасці ў доступе да тэхналогій, і не губляць сувязі з цэласнасцю і гармоніяй. “Ключавое слова – гармонія”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Што тычыцца камунікацыі, Папа перасцярог ад небяспекі паўпраўды і фальшывых навін. “Навіны нельга абразаць, усе яны павінны быць прапанаваныя ўсім. Патрэбна вернасць навінам і фактам”, - сказаў Пантыфік, нагадаўшы, што “сапраўдная дэмакратыя прадугледжвае дыялог”.

27 верасня 2023, 11:35