Францішак моліцца за Украіну і ахвяр пажару ў ПАР
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 6 верасня 2023 года прайшла ў Ватыкане, Пантыфік выказаў свой смутак у сувязі з гібеллю людзей падчас пажару ў пяціпавярховым доме ў цэнтры Яганэсбургу, у выніку якога загінулі па меншай меры 76 чалавек, сярод якіх дванаццаць дзяцей. Яшчэ каля 90 чалавек былі шпіталізаваны з раненнямі рознай ступені цяжкасці. Трагедыя здарылася 31 жніўня.
“Запрашаю вас далучыцца да маёй малітвы за ахвяр”, - сказаў Святы Айцец, запэўніваючы ў сваім благаслаўленні сем’і ахвяр і людзей, якія аказваюць ім дапамогу.
Папа згадаў таксама, што 8 верасня ў Касцёле будзе адзначацца свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое, паводле яго слоў, “заахвочвае нас заўсёды хадзіць Божымі шляхамі, як Марыя”. “Давайце даверым Ёй, жанчыне ласкавасці, пакуты і турботы дарагой і змучанай Украіны, якая шмат пакутуе”, - дадаў Святы Айцец.