Пошук

Зварот Францішка да ўдзельнікаў Глабальнай ініцыятывы Клінтана Зварот Францішка да ўдзельнікаў Глабальнай ініцыятывы Клінтана  

Францішак: не вайне, захопніцкім планам і ваеннай агрэсіі

З прамовай пра актуальныя сусветныя праблемы і выклікі звярнуўся Папа да ўдзельнікаў Глабальнай ініцыятывы Клінтана (Clinton Global Initiative), якая праходзіць 18-19 верасня 2023 года ў Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Прамове Пантыфіка, вымаўленай на іспанскай мове па відэасувязі, папярэднічаў паказ відэароліка з кадрамі апостальскіх падарожжаў і важных падзей з яго ўдзелам, у тым ліку сустрэч з хворымі і беднымі.

Патрабуецца вялікая і агульная адказнасць

“Вылечыць свет ад ананімнасці, якая з'яўляецца глабалізацыяй абыякавасці, можна толькі разам", - падкрэсліў Францішак, маючы на ўвазе шматлікія глабальныя праблемы. У прыватнасці, каб спыніць фрагментарную Трэцюю сусветную вайну, патрабуецца “вялікае і агульнае прыняцце на сябе адказнасці”.

"Ніводная праблема не будзе занадта вялікай, калі мы сустрэнем яе, зыходзячы з асабістага звароту кожнага з нас, з асабістага ўкладу, які кожны з нас можа ўнесці ў яе пераадоленне, і з усведамлення таго, што робіць нас часткай адзінага лёсу. Ніводная праблема не можа быць вырашана ў адзіночку. Толькі разам", - адзначыў Святы Айцец, заклікаючы ўсіх жанчын і мужчын добрай волі не здавацца перад тварам цяжкасцяў.

Лепш адзінства, чым канфлікт

Па словах Францішка, цяжкасці могуць выявіць у нас як лепшае, так і горшае. У гэтым і заключаецца праблема. “Барацьбу з эгаізмам, нарцысызмам і падзелам” неабходна весці з дапамогай шчодрасці і братэрства. “Прыйшоў час спыніць выкарыстанне зброі. Прыйшоў час вярнуцца да дыялогу, да дыпламатыі. Прыйшоў час спыніць захопніцкія планы і ваенную агрэсію. Таму я паўтараю: не вайне. Не вайне!”, - заклікаў Папа.

Спыніцца, пакуль не позна

Францішак звярнуў увагу на праблему экалагічнай катастрофы. Каб спыніць яе, неабходна працаваць разам, пакуль не стала занадта позна. Спасылаючыся на сваю энцыкліку Laudato si', Святы Айцец заклікаў: "Калі ласка, давайце спынімся, пакуль яшчэ ёсць час!”

Прыйшоў час падумаць пра дзяцей

Яшчэ адной праблемай, пастаўленай Папам на першы план, з'яўляецца надзвычайная міграцыйная сітуацыя. "Гаворка ідзе не пра лічбы, а пра людзей, мужчын, жанчын і дзяцей. Гаворачы пра міграцыю, мы ўзгадваем вочы дзяцей, якіх сустракаем у лагерах бежанцаў. Прыйшоў час падумаць пра самых маленькіх, пра дзяцей, пра іх адукацыю і клопат пра іх”, - сказаў Святы Айцец.

Шпіталь Bambino Gesù: спалучэнне навукі і гасціннасці

Францішак згадаў пра місію і праекты ватыканскай педыятрычнай клінікі Bambino Gesù, якая за час вайны прыняла больш за дзве тысячы маленькіх украінскіх пацыентаў, якія пакінулі радзіму разам з бацькамі і сваякамі. Папа заклікаў забяспечыць медыцынскую дапамогу для ўсіх, таму што "няма невылечных дзяцей", і падкрэсліў спецыфіку працы ватыканскай бальніцы: "Яна хоча быць знакам, сведчаннем таго, што цалкам магчыма, прыклаўшы намаганні, спалучаць буйныя навуковыя даследаванні, накіраваныя на лячэнне дзяцей, з бясплатным прыёмам тых, хто мае ў гэтым патрэбу”.

Глабальная ініцыятыва Клінтана

Глабальная ініцыятыва Клінтана, заснаваная ў 2005 годзе, аб'ядноўвае сусветна вядомых дзеячаў, навукоўцаў, журналістаў, кіраўнікоў палітычных і міжнародных інстытутаў, актывістаў, прадпрымальнікаў і мецэнатаў. Дзейнасць фонду накіравана на пошук адказаў на надзённыя сусветныя праблемы, такія як ахова здароўя, устойлівая сельская гаспадарка, інклюзіўная эканоміка, мірабудаўніцтва, захаванне акіянаў і іншыя.

19 верасня 2023, 10:59