Пошук

Папа Францішак з біскупамі Ганконга Папа Францішак з біскупамі Ганконга  (Vatican Media)

Францішак падзякаваў манголам за прыём і прывітаў кітайскі народ

Пасля заканчэння святой Імшы на Стэпавай арэне ва Улан-Батары Папа падзякаваў уладам і народу Манголіі за гасціннасць і дар сяброўства, а таксама даслаў прывітанне кітайскаму народу.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Перад тым яе падзякаваць мангольскаму народу за сардэчны прыём, Папа запрасіў да сябе двух кітайскіх біскупаў і сказаў наступнае: "Гэтыя два браты, біскупы – біскуп-эмерыт Ганконгскі і цяперашні біскуп Ганконга. Я хацеў бы скарыстацца іх прысутнасцю, каб паслаць цёплае прывітанне высакароднаму кітайскаму народу. Усяму народу я жадаю ўсяго найлепшага, рухацца наперад, заўсёды ісці да прагрэсу. А кітайскіх католікаў я прашу быць добрымі хрысціянамі і добрымі грамадзянамі".

Затым Францішак заўважыў, што адправіўся ў пілігрымку “з вялікім чаканнем”, з жаданнем сустрэцца з народам Божым, які жыве ў Манголіі. Ён падзякаваў Богу за гэты народ, за тое, што Ён любіць чыніць вялікія справы праз малых.

Пантыфік падзякаваў мангольскім вернікам за тое, што яны “добрыя хрысціяне і сумленныя грамадзяне”, і заахвоціў іх ісці наперад, адчуваючы блізкасць і падтрымку ўсяго Касцёла і, перш за ўсё, “ласкавы погляд Пана, які ні пра каго не забывае і з любоўю глядзіць на кожнага”.

Святы Айцец прывітаў біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх сяброў, якія прыехалі ў Манголію з розных куткоў вялізнага азіяцкага кантынента, а таксама выказаў асаблівую падзяку ўсім, хто дапамагае мясцоваму Касцёлу, падтрымліваючы яго духоўна і матэрыяльна.

Удзячнасць за падрыхтоўку апостальскага візіту, а таксама за прыём і сардэчнасць выказаў Францішак прэзідэнту і ўраду Манголіі.

Папа шчыра прывітаў “братоў і сясцёр з іншых хрысціянскіх канфесій і рэлігій”, запрашаючы іх “працягваць расці разам у братэрстве”, як насенне міру ў свеце, спустошаным шматлікімі войнамі і канфліктамі.

Усім тым, хто цяжкай працай і малітвай зрабіў яго падарожжа выдатным і магчымым, Папа сказаў сардэчны дзякуй.

Нарэшце, Францішак выказаў вялікую ўдзячнасць мангольскаму народу “за дар сяброўства”, які ён атрымаў у гэтыя дні, за здольнасць шанаваць самыя простыя аспекты жыцця, захоўваць традыцыі і адносіны, за клопат і ўвагу да паўсядзённасці.

Напрыканцы прамовы Папа прачытаў малітву езуіта П'ера Тэяра дэ Шардэна, складзеную 100 гадоў таму ў пустыні Ордас, дзе ён займаўся геалагічнымі даследаваннямі. Жадаючы цэлебраваць Імшу, але не маючы ні хлеба, ні віна, ён прынёс у ахвяру Пану прыгажосць Яго стварэння на світанні, прадчуваючы, што Эўхарыстыя заўсёды “цэлебруецца на алтары свету” (Laudato si', 236) і “з’яўляецца цэнтрам жыцця сусвету, цэнтрам, напоўненым любоўю і невычэрпным жыццём”.

“Браты і сёстры Манголіі, дзякуй вам за ваша сведчанне. Хай благаславіць вас Бог! Вы ў маім сэрцы, і ў маім сэрцы застаняцеся. Калі ласка, узгадвайце мяне ў сваіх малітвах і думках”, - такімі словамі завяршыў сваю прамову Францішак.

03 верасня 2023, 11:47