Пошук

Францішак прыняў на аўдыенцыі пасла Украіны

22 верасня 2023 года Святы Айцец прыняў на прыватнай аўдыенцыі пасла Украіны пры Святым Пасадзе Андрэя Юраша.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Cустрэча прайшла ў Апостальскім палацы і доўжылася каля гадзіны. Бакі абмеркавалі пытанні, звязаныя з вайной ва Украіне, пошукамі міру і місіяй кардынала Матэа Дзупі. Пасол Украіны падзякаваў Папу за яго міратворчую ініцыятыву, а таксама за нядаўнія словы арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН у Нью-Ёрку. Быў згаданы таксама інцыдэнт з абстрэлам склада Caritas-Spes у Львове, у выніку якога згарэла 300 тон гуманітарнай дапамогі. Пасол таксама нагадаў пра 90-ю гадавіну трагедыі Галадамору, якая будзе адзначацца ў лістападзе 2023 года.

У якасці сімвала пакут украінскага народа дыпламат падарыў Францішку вялікага плюшавага мядзведзя з ранай на правай лапе, знойдзенага пад заваламі дома ў Дняпры, на ўсходзе Украіны. 14 студзеня 2023 года ў выніку абстрэлу расійскай ракетай там загінула 46 чалавек, у тым ліку трое непаўналетніх, 75 атрымалі раненні, сярод іх 13 дзяцей. Андрэй Юраш паказаў Папу некалькі фотаздымкаў, зробленых пасля бамбардзіроўкі.

Святы Айцец запэўніў дыпламата ў сваёй блізкасці і малітве аб Украіне і яе народзе.

22 верасня 2023, 14:19