Пошук

Мігранты на Лампедузе Мігранты на Лампедузе  (ANSA)

Францішак: вітаць мігрантаў і памятаць пра Украіну

Пасля малітвы Анёл Панскі 24 верасня 2023 года Святы Айцец нагадаў пра Сусветны дзень мігранта і бежанца, запрасіў на экуменічнае малітоўнае чуванне напярэдадні Сінода Біскупаў і заклікаў маліцца за Украіну.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Сёлетняя тэма Сусветнага дня мігранта і бежанца – Свабода эміграваць ці застацца – нагадвае аб тым, што міграцыя павінна быць свабодным выбарам чалавека, - звярнуўся Папа да прысутных на плошчы святога Пятра.

“Сёння права на міграцыю пераўтварылася для многіх у абавязак, але павінна існаваць таксама і права не эміграваць, заставацца на сваёй зямлі. Неабходна, каб кожнаму мужчыну і кожнай жанчыне была гарантаваная магчымасць жыць годным жыццём у грамадстве, да якога яны належаць. На жаль, пакуты, войны і кліматычны крызіс прымушаюць многіх людзей бегчы ад гэтых праблем. Мы ўсе пакліканы ствараць адкрытыя супольнасці, гатовыя вітаць, прасоўваць, суправаджаць і інтэграваць тых, хто грукаецца ў нашы дзверы”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што міграцыйны выклік быў у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў ІІІ Міжземнаморскіх сустрэч у Марсэлі, у заключнай сесіі якіх ён удзельнічаў 23 верасня 2023 года.

Папа аднавіў сваё запрашэнне да вернікаў прыняць удзел у экуменічным малітоўным чуванні, якое адбудзецца 30 верасня 2023 года на плошчы святога Пятра ў рамках падрыхтоўкі да XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая распачнецца 4 кастрычніка 2023 года.

Напрыканцы звароту Францішак заклікаў вернікаў памятаць пра змучаную Украіну і маліцца за яе народ, які моцна пакутуе.

24 верасня 2023, 13:09