Пошук

Пантыфік да маланкарскага Каталікоса пра душпастырскі экуменізм

Душпастырскі экуменізм з’яўляецца натуральным шляхам да поўнага адзінства, - адзначыў Папа, сустракаючыся 11 верасня 2023 года з Базеліёсам Мартамой Мэцьюзам III, Каталікосам Усходу і Мітрапалітам Маланкарскай Сірыйскай Праваслаўнай Царквы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Высокі госць прыбыў у Ватыкан упершыню пасля свайго абрання ў 2021 годзе. Візіт прымеркаваны да дзясятай гадавіны знаходжання ў Ватыкане яго папярэдніка, Базеліёса Мартамы Паўла ІІ, а таксама да саракавой гадавіны першага візіту ў Рым Каталікоса Маланкарскай Царквы.

Францішак адзначыў важнасць заснавання Міжнароднай змешанай камісіі па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой, што прывяло да гістарычнага сумеснага хрысталагічнага дакумента, апублікаванага ў Пяцідзясятніцу 1990 года.

“Я спадзяюся, што душпастырскія адносіны паміж нашымі Цэрквамі, якія падзяляюць тую ж апостальскую спадчыну, могуць пашырацца і развівацца, асабліва ў тых кантэкстах, дзе вернікі знаходзяцца ў сітуацыі меншасці або дыяспары”, - сказаў Папа.

Яшчэ адным элементам на шляху да поўнага адзінства, лічыць Пантыфік, з’яўляецца сінадальнасць. (...) “Перакананы, што мы можам многаму навучыцца са шматвяковага сінадальнага вопыту вашай Царквы. У пэўным сэнсе экуменічны рух спрыяе бягучаму сінадальнаму працэсу ў Каталіцкім Касцёле, і я спадзяюся, што сінадальны працэс, у сваю чаргу, можа спрыяць экуменічнаму руху. Сінадальнасць і экуменізм – гэта насамрэч два шляхі, якія ідуць побач і маюць адну мэту – камунію, якая азначае лепшае сведчанне хрысціян”, - заўважыў Францішак.

“Няхай супольнае сузіранне ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста спрыяе поўнаму аздараўленню нашых мінулых ран, каб перад нашымі вачыма, па-за ўсякай адлегласцю і неразуменнем, паўставаў Ён, “Пан наш і Бог наш” (Ян 20, 28)”, - пажадаў Папа.

Сустрэча паміж Пантыфікам і Мітрапалітам Маланкарскай Сірыйскай Праваслаўнай Царквы завяршылася супольнай малітвай ў капліцы Redemptoris Mater ватыканскага Апостальскага палаца.

11 верасня 2023, 11:48