Пошук

Пантыфік да палітычных лідараў: разам будаваць мірную будучыню

Хай мінуць хмары вайны, давайце разам імкнуцца да мірнай будучыні, - заклікаў Папа ва Улан-Батары прадстаўнікоў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Першае афіцыйнае мерапрыемства ў рамках апостальскага падарожжа Францішка ў Манголію прайшло раніцай 2 верасня 2023 года на плошчы Сухэ-Батар ва Улан-Батары, названай у гонар мангольскага дзеяча, які ў 1921 годзе абвясціў незалежнасць краіны ад Кітая. Пантыфіка вітаў Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух у суправаджэнні пешых і конных вайскоўцаў, а таксама групы вернікаў, якія прыбылі з суседніх азіяцкіх краін, у тым ліку і з Кітая.

Візіт ветлівасці да прэзідэнта Манголіі прайшоў у вялікай юрце ў Дзяржаўным палацы, дзе Папа падпісаў ганаровую кнігу. Пасле гэтага ў зале Іх мангол адбылася сустрэча з уладамі. У сваёй прамове Святы Айцец падзякаваў за цёплы прыём і вялікі гонар наведаць “гэты выдатны і шырокі край” і яго народ, якому добра вядомы сэнс слова падарожжа. Папа назваў сябе пілігрымам сяброўства, які ўпершыню, “з павагай і прадчуваннем”, уваходзіць у юрту, каб сустрэцца і пазнаёміцца бліжэй з мангольскім народам.

Сяброўства паміж Манголіяй і Святым Пасадам

Па традыцыі ў доме сяброў абменьваюцца падарункамі і ўзгадваюць папярэднія сустрэчы, - зазначыў Францішак, які прывёз “у знак старажытнага сяброўства” копію ліста, які захоўваецца ў Ватыканскай бібліятэцы і сведчыць аб даўніх двухбаковых адносінах паміж Манголіяй і Святым Пасадам. 777 гадоў таму, у 1246 годзе, пасланец Інакенція IV наведаў Вялікага хана Гуюка, трэцяга мангольскага імператара, і ўручыў яму афіцыйнае папскае пасланне, у адказ на якое быў складзены па-мангольску і перакладзены на розныя мовы ліст з пячаткай Вялікага хана. Копію гэтага ліста, выкананую з выкарыстаннем самых перадавых тэхналогій, і прывёз у падарунак Святы Айцец.

Выратаванне планеты

Пантыфік спаслаўся на мангольскі звычай: на досвітку дзеці выходзяць на парог юрты, каб, углядаючыся ўдалячынь, палічыць галовы буйной рагатай жывёлы і паведаміць яе колькасць бацькам. Мы таксама павінны мець шырокія гарызонты, “адмаўляючыся ад блізарукіх перспектыў дзеля больш шырокага, глабальнага бачання”, - адзначыў Святы Айцец.

Паводле Францішка, землі Манголіі з іх стэпамі, пустыняй Гобі, вялікімі раўнінамі, лясамі і горнымі ланцугамі Алтая і Хангая, адлюстроўваюць веліч і прыгажосць усёй Зямлі, якую мы павінны перадаць будучым пакаленням. Прыродная мудрасць качэўнікаў, цэласнае бачанне прыроды ў мангольскай шаманскай традыцыі і павага да ўсяго жывога, атрыманая ў спадчыну ад будыйскай філасофіі, могуць дазволіць Манголіі ўнесці значны ўклад у намаганні па абароне і выратаванню планеты, - зазначыў Пантыфік.

Манголія на міжнароднай арэне

Юрты, якія можна пабачыць як у сельскіх, так і ў гарадскіх раёнах, сведчаць аб захаванні традыцый мангольскага народа, які захоўвае свае карані, будучы адкрытым да сучаснасці, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі. Па словах Папы, сучасная Манголія з яе шырокай сеткай дыпламатычных адносін, актыўным членствам у ААН, намаганнямі ў галіне правоў чалавека і міру адыгрывае значную ролю на азіяцкім кантыненце і на міжнароднай арэне.

Pax mongolica

Францішак узгадаў далёкія часы Мангольскай імперыі з яе экспансіяй на велізарную тэрыторыю, на якой дзейнічала мадэль адсутнасці канфліктаў - pax mongolica. Па яго словах, гэтая мадэль павінна быць ацэненая і зноў прапанаваная ў нашы дні, калі наш свет спусташаюць незлічоныя канфлікты. “Хай цёмныя хмары вайны рассеюцца, змеценыя цвёрдым імкненнем да ўсеагульнага братэрства, у якім напружанасць вырашаецца шляхам сустрэчы і дыялогу, а таксама гарантуюцца асноўныя правы ўсіх людзей”, - заклікаў Святы Айцец.

Свабода веравызнання

Той факт, што, уваходзячы ў юрту, чалавек скіроўвае погляд увысь, дзе праз круглае акно пранікае святло і можна любавацца небам, нагадвае нам пра адкрытасць народа да рэлігійных вучэнняў, - лічыць Папа. У аснове культурнай самабытнасці манголаў ляжыць глыбокая духоўнасць, народжаная цішынёй, адасобленасцю і сузіраннем бязмежных гарызонтаў. Рэлігіі, заснаваныя на першапачатковай духоўнай спадчыне, з’яўляюцца “надзейнай апорай у пабудове здаровых і квітнеючых грамадстваў”, - адзначыў Пантыфік, папярэдзіўшы ад такіх пагроз, як дух спажывання, індывідуалістычнае мысленне і карупцыя.

Папа нагадаў, што свабода думкі і веравызнання гарантуюцца канстытуцыяй Манголіі. Пакінуўшы ў мінулым атэістычную ідэалогію, краіна прыйшла “да прызнання і павагі фундаментальнай важнасці гарманічнага супрацоўніцтва паміж вернікамі розных канфесій”, кожная з якіх уносіць свой уклад у развіццё грамадства.

Католікі Манголіі

Каталіцкая супольнасць Манголіі таксама з радасцю ўносіць свой належны ўнёсак, “з энтузіязмам і мэтанакіраванасцю ўдзельнічае ў росце краіны, распаўсюджвае культуру салідарнасці, усеагульнай павагі і міжрэлігійнага дыялогу, а таксама працуе ў імя справядлівасці, міру і сацыяльнай гармоніі”, - адзначыў Францішак, выказаўшы спадзяванне на заключэнне двухбаковага пагаднення паміж Манголіяй і Святым Пасадам. На думку Папы, дэвіз апостальскага падарожжа - Супольная надзея - дастаткова добра адлюстроўвае падыход да супрацоўніцтва ў духу ўзаемнай павагі і імкнення да агульнага дабра.

Напрыканцы прамовы Святы Айцец пажадаў розным пластам мангольскага грамадства “працягваць дэманстраваць свету прыгажосць і высакароднасць гэтага ўнікальнага народа”, заставацца цвёрдымі ў сваіх намаганнях палегчаць чалавечыя пакуты, “нагадваць усім пра годнасць кожнай чалавечай істоты, закліканай жыць у нашым зямным доме, абдымаючы неба”.

02 верасня 2023, 07:17