Пошук

Архіабацтва Пананхальма ў Венгрыі Архіабацтва Пананхальма ў Венгрыі 

Пантыфік заклікаў да экуменічных намаганняў па вяртанні міру

“Тыя, хто пастаянна шукае міру, самі павінны стаць пасланцамі міру сваімі словамі і ўчынкамі”, - адзначыў Папа ў звароце да ўдзельнікаў экуменічнага сімпозіума у венгерскім архіабацтве Пананхальма.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на Рэгулу святога Бэнэдыкта і заўважыў, што яго канцэпцыя міру “не з’яўляецца ўтапічнай” – “яна скіроўвае на шлях, які ўжо праклала сяброўства Бога з людзьмі і якім, у той жа час, крок за крокам павінен ісці кожны чалавек і супольнасць”.

“Разлад не павінен стаць пастаянным станам”, - перасцярог Папа - “пошук міру ў справядлівасці не церпіць прамаруджання, да яго трэба імкнуцца без ваганняў”. Але ён нагадаў аб перасцярозе Бэнэдыкта ад “фальшывага пажадання міру”, паспешлівага і няшчырага. “Гаворка ідзе не аб будаўніцтве альянсаў, а аб стварэнні магчымасцей для дыялогу для ўсіх”, - удакладніў Францішак.

“Дарагія сёстры і браты, давайце самі заставацца на шляху міру; давайце самі станем пасланцамі і служыцелямі міру там, дзе мы жывём і працуем! Перш за ўсё, давайце маліцца аб міры! У цяперашні час вайна на Украіне рэзка заклікае нас адкрыць вочы і сэрцы для многіх народаў, якія пакутуюць ад вайны”, - звярнуўся Пантыфік да ўдзельнікаў экуменічнага форуму.

Ён заклікаў прасіць Трыадзінага Бога праз заступніцтва святога Бэнэдыкта аб тым, “каб свет быў вызвалены ад бедства вайны і каб паміж народамі магло ўзрастаць паразуменне, якое гарантуе справядлівасць і хлеб, свабоду і мір для ўсіх кантынентаў”.

22 верасня 2023, 12:55