Пошук

Новапрызначаныя кардыналы падчас кансісторыя Новапрызначаныя кардыналы падчас кансісторыя  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа да кардыналаў: быць больш сімфанічным і сінадальным Касцёлам

Аб адзінстве і разнастайнасці Касцёла, а таксама важнай ролі сінадальнасці, паразважаў 30 верасня 2023 года Францішак у сваёй гаміліі з нагоды публічнага кансісторыя, падчас якога кардынальскую годнасць атрымаў 21 іерарх.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваёй гаміліі падчас урачыстасці Папа паразважаў аб паходжанні новых кардыналаў з розных краін і частак свету. Спасылаючыся на біблейскі ўрывак пра Пяцідзесятніцу (пар. Дз 2, 1-11), ён адзначыў, што “доўгі спіс народаў”, якія жылі тады ў Ерузалеме, “парфяне, мідзяне, эламіты і гэтак далей” прымусіў яго задумацца аб кардыналах, якія таксама паходзяць “з розных народаў”, з розных куткоў свету.

Разнастайнасць у адзіным Каталіцкім Касцёле

На думку Святога Айца, у гэтым урыўку схаваны свайго роду "сюрпрыз", так бы мовіць, “гумар Святога Духа”. Звычайна, чытаючы апісанне Пяцідзесятніцы, святары атаясамліваюць сябе з апосталамі, але тыя "парфяне, мідзяне, эламіты", якія нагадалі Пантыфіку кардыналаў, не належаць да групы вучняў Езуса, яны з'яўляюцца часткай натоўпу, які сабраўся, “калі ўзняўся шум”. Апосталы былі галілейцамі, а людзі з натоўпу – “з усякага народу пад небам” (пар. Дз 2, 5), як сучасныя біскупы і кардыналы, - заўважыў Папа.

Па словах Францішка, такая змена роляў прымушае нас задумацца і са здзіўленнем адкрыць нанова дар атрымання Евангелля “на нашых мовах". Папа заклікаў яшчэ раз з удзячнасцю паразважаць пра дар евангелізацыі народаў, якія ў свой час прынялі таямніцу Збаўлення, хрысціліся Святым Духам і сталі часткай “Адзінага, Святога, Каталіцкага і Апостальскага Касцёла”, які гаворыць на ўсіх мовах.

На думку Папы, нельга забываць, што перш чым стаць святарамі, біскупамі, кардыналамі, “мы былі парфянамі, мідзянамі, эламітамі”, гэта значыць атрымалі ласку Евангелля ад нашых народаў, "на нашых мовах". Вера перадаецца "на дыялекце" маці і бабулямі, а таксама вуснамі і жэстамі дзядоў і бацькоў, катэхетаў, святароў, манахаў.

Пяцідзесятніца, як і хрост кожнага з нас, - гэта не факт мінулага, гэта творчы акт, які Бог пастаянна абнаўляе. Касцёл і кожны яго член жывуць гэтай заўсёды актуальнай таямніцай. Касцёл жыве не "на рэнту", а тым больш не за кошт археалагічнай спадчыны, якой бы каштоўнай і высакароднай яна ні была. Касцёл і кожны ахрышчаны жывуць сілай дзеяння Святога Духа. У гэтай перспектыве веры неабходна разглядаць і сённяшні кансісторый, на якім у склад Калегіі кардыналаў увойдуць новыя прадстаўнікі духавенства з розных куткоў свету, дзе Святы Дух правёў плённую евангелізацыю народаў, і цяпер абнаўляе пакліканне і місію новых кардыналаў, - сказаў Пантыфік, заклькаючы кардыналаў “быць евангелізатарамі, а не службовымі асобамі".

Кансісторый 30 верасня 2023 года
Кансісторый 30 верасня 2023 года

Быць больш сімфанічным і сінадальным Касцёлам

Звяртаючыся да Калегіі кардыналаў, Папа параўнаў яе з сімфанічным аркестрам. На яго думку, метафара аркестра, у якім кожны інструмент уносіць свой уклад, “часам у адзіночку, часам у спалучэнні з іншым, часам з усім ансамблем”, добра падкрэслівае сімфанічны і сінадальны характар Касцёла. Разнастайнасць неабходна, але кожны гук павінен адпавядаць агульнай кампазіцыі. Для гэтага важна слухаць адзін аднаго: кожны музыкант павінен слухаць іншых, а дырыжор, акрамя слухання, павінен дапамагчы кожнаму музыканту і ўсяму аркестру сыграць партытуру творчым і ўнікальным чынам.

Напрыканцы гаміліі Францішак пажадаў членам Калегіі кардыналаў “уяўляць сябе аркестрам, каб навучыцца быць больш сімфанічным і сінадальным Касцёлам”, запэўніў, што іх настаўнікам з'яўляецца Святы Дух, і даручыў іх клапатлівай апецы Панны Марыі.

30 верасня 2023, 11:59