Пошук

Папа да святароў Марсэля: адчынім жа дзверы касцёлаў і плябаній

Марсэль, які ляжыць на скрыжаванні народаў і поглядаў, нагадвае сённяшняму духавенству аб неабходнасці міласэрнасці і заступніцтва ў адносінах да людзей, - заўважыў Папа 22 верасня 2023 года ў марсэльскай базіліцы Нотр-Дам дэ ля Гард.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“І святары і кансэкраваныя асобы, пакліканы да таго, каб людзі адчувалі на сабе позірк Езуса і ў той жа час звярталі да Езуса позіркі братоў і сясцёр. У першым выпадку мы з’яўляемся прыладамі міласэрнасці, у другім – прыладамі заступніцтва”, - адзначыў Францішак падчас марыйнага набажэнства з удзелам дыяцэзіяльнага духавенства.

Святы Айцец заклікаў сваіх слухачоў глядзець на людзей так, як Езус, які дорыць чалавеку пяшчоту. “Гэта позірк ідзе зверху ўніз не для таго, каб судзіць, але каб падняць тых, хто ўпаў на зямлю”, - патлумачыў ён.

“Адчынім жа дзверы касцёлаў і плябаній, але перш за ўсё дзверы сэрца, каб паказаць аблічча нашага Пана праз лагоднасць, дабрыню і гасціннасць. Той, хто прыходзіць да вас, няхай знойдзе не адлучанасць ці асуджэнне, але сведчанне сціплай радасці, больш плённай, чым любая ўяўная здольнасць. Няхай параненыя жыццём знаходзяць прытулак у вашых позірках, суцяшэнне ў вашых абдымках, пяшчоту ў вашых руках, здольных выцерці слёзы”, - звярнуўся да святароў Пантыфік.

Ён папрасіў сабраных на набажэнстве “быць побач з усімі, асабліва са слабымі і беднымі, і ніколі не дазволіць, каб тым, хто пакутуе, не хапіла іх уважлівай і стрыманай блізкасці”. Гэта, на думку Францішка, рэцэпт для ўзаемнага “росту ў веры, якая ажыўляе сучаснасць, надзеі, якая адкрываецца ў будучыню, і любові, якая доўжыцца вечна”.

“Няхай чытанне брэвіярыя, штодзённае разважанне над Божым словам, ружанцовая малітва і любая іншая малітва – асабліва рэкамендую адарацыю – будуць напоўнены абліччамі тых, каго Провід ставіць на вашым шляху”, - пажадаў Папа.

Францішак спаслаўся на выявы Марыі, прысутныя ў базіліцы Нотр-Дам дэ ля Гард, і заклікаў духавенства па яе прыкладу заставацца “жывым Евангеллем”. Гэта, перакананы Пантыфік, будзе адбывацца ў той ступені, у якой кожны святар будзе дзяліцца Добрай Весткай, “выходзячы за межы сваіх абмежаванняў, адлюстроўваючы яго святло і прыгажосць сціплым, радасным жыццём, багатым на апостальскую руплівасць”.

“Умілаваныя, давайце прынясём Божы позірк нашым братам, прынясём жаданне нашых братоў Богу, давайце будзем распаўсюджваць радасць Евангелля. Гэта наша жыццё і яно надзвычай прыгожае, нягледзячы на цяжкасці і няўдачы”, - звярнуўся Францішак за марсэльскага духавенства.

22 верасня 2023, 18:44