Папа: гасцінны Марсэль служыць прыкладам для Еўропы
Марыя Валодзіна – Vatican News
Першае пытанне тычылася міграцыі. Прайшло дзесяць гадоў з таго часу, як Пантыфік на Лампедузе асудзіў абыякавасць Еўропы да мігрантаў і заклікаў да салідарнасці. Увесь гэты час ён працягвае паўтараць тое пасланне. “Ці значыць гэта, што Вы пацярпелі няўдачу?” – спытаў журналіст. “Я так не думаю”, - адказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што “назіраецца павольны рост” разумення праблемы міграцыі, усведамлення таго, што яна дасягнула нейкай мяжы, “як гарачая бульбіна, да якой не ведаеш, як дакрануцца”.
Святы Айцец нагадаў пра небяспечны шлях мігрантаў, асабліва з Афрыкі ў Еўропу. Нельга дапускаць, каб мігранты траплялі ў рукі гандляроў людзьмі і злачынцаў, - падкрэсліў ён, звяртаючы ўвагу таксама і на неабходнасць выратавання пацярпелых ад караблекрушэнняў у Міжземным моры. “Некалькі груп людзей займаюцца выратаваннем у моры. Я запрасіў аднаго з іх, кіраўніка Mediterranea Saving Humans, прыняць удзел у Сінодзе. Яны распавядаюць жудасныя гісторыі”, - заўважыў Святы Айцец.
Па словах Папы, Марсэль – гэта цывілізацыя многіх культур, порт для мігрантаў, які дае прыклад Еўропе. Марсэль вітае, прымае, паважае і інтэгруе, не адмаўляючы народам ў іх ідэнтычнасці. Неабходна прыкласці намаганні для інтэграцыі мігрантаў, - заўважыў Пантыфік, узгадваючы еўрапейскія вёскі, дзе засталіся толькі пажылыя людзі. “Нам патрэбна рабочая сіла. Еўропа мае ў ёй патрэбу! Добра праведзеная міграцыя – гэта багацце. Давайце трохі паразважаем над міграцыйнай палітыкай, каб яна была больш плённай і дапамагала нам”, - заклікаў Святы Айцец.
Эўтаназія: нельга гуляць з жыццём
На пытанне журналіста AFP, ці абмяркоўваў Папа з прэзідэнтам Макронам пытанні эўтаназіі, Францішак адказаў адмоўна. “Але мы гаварылі пра гэта падчас іншага візіту”, - сказаў ён, дадаючы, што ясна выказаў сваё меркаванне: “з жыццём не гуляюць, ні ў пачатку, ні ў канцы”. Гэта не пытанне веры, а пытанне чалавечнасці, - лічыць Святы Айцец.
Пошук міру ва Украіне
На пытанне пра вайну ва Украіне Пантыфік зазначыў, што “адчувае пэўнае расчараванне" у сувязі з тым, што місія кардынала Матэа Дзупі да гэтага часу не ўвянчалася поспехам. Дзяржаўны сакратарыят "робіць усё магчымае, каб дапамагчы", - падкрэсліў Францішак, выказваючы шкадаванне з нагоды гандлю зброяй. Самымі прыбытковымі інвестыцыямі сёння з'яўляюцца інвестыцыі ў індустрыю зброі, “у фабрыкі смерці”, - адзначыў ён.
“Украінскі народ – гэта народ-пакутнік, у яго вельмі пакутніцкая гісторыя, гісторыя, якая прымушае яго пакутаваць, прычым не ў першы раз. Ён вельмі шмат пакутаваў у часы Сталіна, гэта пакутніцкі народ. Мы не павінны гуляць з пакутніцтвам гэтага народа, мы павінны дапамагчы яму максімальна рэалістычным спосабам вырашыць гэту праблему”, - сказаў Папа. “Мы не павінны мець ілюзій, што два лідары, якія цяпер знаходзяцца ў стане вайны, заўтра будуць разам есці за адным сталом, але мы павінны пайсці як мага далей і зрабіць усё магчымае”, - сказаў Папа.