Пошук

Папа: хрысціянін не можа быць абыякавым да грамадскіх праблем

Хрысціяне пакліканы да дзейнасці і малітвы перад абліччам вялікіх грамадскіх, эканамічных і палітычных праблем сучаснасці. У гэтым таксама праяўляецца апостальская руплівасць, - адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 13 верасня 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнаму запалу, прапанаваўшы паразважаць над прыкладам жыцця благаслаўлёнага Хасэ Грэгорыа Эрнандэса Сіснераса. Ён нарадзіўся ў 1864 годзе ў Венесуэле, а веру яму перадала маці, якая ад самай калыскі вучыла яго цнотам, дапамагала ўзрастаць у пазнанні Бога і была прыкладам міласэрнай любові.

“Любоў была сапраўднай пуцяводнай зоркай, якая накіроўвала жыццё благаслаўлёнага Хасэ Грэгорыа: добрага і светлага чалавека, з жыццярадасным характарам, надзеленага высокім інтэлектам”, - сказаў Папа, нагадваючы, што ён быў лекарам, універсітэцкім выкладчыкам і навукоўцам, а ў першую чаргу – урачом, блізкім да самых слабых, у сувязі з чым стаў вядомы на радзіме як “лекар бедных”.

“Ён аддаў перавагу не грашоваму багаццю, а евангельскаму, прысвяціўшы сваё жыццё дапамозе патрабуючым. У бедных, хворых, мігрантах, пакутуючых, Хасэ Грыгорыа бачыў Езуса. А хвалу, якой ніколі не шукаў у свеце, ён атрымаў і працягвае атрымліваць ад людзей, якія называюць яго “народным святым”, “апосталам любові”, “місіянерам надзеі”, - сцвердзіў Францішак.

Хасэ Грыгорыя быў сціплым, ветлівым і адкрытым чалавекам, якім кіравала гарачае сэрца і жаданне служыць Богу і бліжнім. “Кіраваны гэтым запалам, ён некалькі разоў спрабаваў стаць законнікам і святаром, але розныя праблемы перашкаджалі яму зрабіць гэта. Фізічная слабасць, аднак, не прывяла яго да закрытасці ў сабе, але зрабіла яго лекарам, яшчэ больш адчувальным да патрэб іншых; ён даверыўся Божаму Провіду і, загартаваны духоўна, ішоў да самага істотнага”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што апостальскі запал заключаецца не ў імкненні за ўласнымі памкненнямі, але ў адкрытасці на Божыя задумы. “Так благаслаўлёны Хасэ Грыгорыя зразумеў, што выконвае Божую волю праз клопат пра хворых – дапамагаючы пакутуючым, даючы надзею бедным, сведчачы веру не на словах, але праз прыклад”, - дадаў Францішак, падкрэсліваючы, што медыцына стала для яго “святарствам чалавечых пакут”. Пантыфік заахвоціў не проста пасіўна прымаць розныя сітуацыі, але рабіць усё з велікадушнасцю, каб служыць Пану.

Апостальская руплівасць нарадзілася ў сэрцы Хасэ Грыгорыа, дзякуючы апоры на Божую ласку і блізкасці з Панам. “Ён быў чалавекам малітвы, які ўдзельнічаў у Імшы”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што падчас Першай сусветнай вайны Хасэ Грыгорыа ахвяраваў сваё жыццё Богу за мір у Еўропе. Калі ён даведаўся аб падпісанні мірнага дагавора, ён зразумеў, што яго ахвяра была прынята і яго місія на зямлі падыходзіць да канца. У той жа дзень, калі ён збіраўся адвезці хвораму лекі, яго збіла машына. Будучы благаслаўлёны памёр у шпіталі з імем Багародзіцы на вуснах.

Францішак падкрэсліў, што прыклад Хасэ Грэгорыя заахвочвае вернікаў да дзейнасці перад абліччам вялікіх сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем сучаснасці. Неабходна маліцца аб гэтых справах і імкнуцца да міру і справядлівасці ў праўдзе. У гэтым таксама праяўляецца апостальская руплівасць, абвяшчэнне Евангелля, - падкрэсліў Святы Айцец.

13 верасня 2023, 11:09

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >