Пошук

Папа папрасіў бізнесменаў не адмываць сумленне дабрачыннасцю

Бяспека на вытворчасці – гэта як паветра, якім мы дыхаем: мы разумеем яе важнасць толькі тады, калі яе трагічна не хапае, і калі ўжо позна, - заўважыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

11 верасня 2023 года ён сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі італьянскай Нацыянальнай асацыяцыі работнікаў з абмежаванымі магчымасцямі і інвалідаў працы (ANMIL).

“Трагедыі і драмы на працоўным месцы, на жаль, не спыняюцца, нягледзячы на наяўнасць тэхналогій, якія спрыяюць стварэнню бяспечных месц і часу. Іншым разам здаецца, што слухаеш ваенныя зводкі. Гэта адбываецца тады, калі праца дэгуманізуецца і замест таго, каб заставацца сродкам, з дапамогай якога чалавек рэалізуецца, прапануючы сябе грамадству, яна ператвараецца ў знясільваючую гонку за прыбыткам. Трагедыі пачынаюцца тады, калі мэтай становіцца ўжо не чалавек, а прадукцыйнасць”, - звярнуў увагу Францішак.

Святы Айцец лічыць, што не трэба “змірацца з няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці” і “з абыякавасцю да іх”. “Смерць і траўматызм – гэта трагічнае сацыяльнае бедства, якое закранае ўсіх, а не толькі кампаніі або сем'і. (...) Бяспека гарантуецца не толькі добрым заканадаўствам, якое павінна выконвацца, але і ўменнем жыць на працоўным месцы як браты і сёстры”, - адзначыў ён.

Пантыфік нагадаў працадаўцам, што бяспека на працоўным месцы – гэта іх “першы абавязак і першая форма агульнага дабра”. Ён звярнуў увагу на шырока распаўсюджаную сёння з’яву, калі прадпрымальнікі замест таго, каб інвеставаць у бяспеку, аддаюць перавагу “адмыванню свайго сумлення дабрачыннасцю”, “ставячы свой грамадскі імідж вышэй за ўсё астатняе, выстаўляючы сябе мецэнатамі ў культуры ці спорце, робячы даступнымі творы мастацтва або культавыя збудаванні”, але не звяртаючы ўвагі на жывога чалавека.

“Чалавек вышэй эканамічных інтарэсаў, кожны чалавек – гэта дар для грамадства, а калецтва і інваліднасць аднаго чалавека наносіць шкоду ўсёй грамадскай структуры”, - заключыў Францішак.
 

11 верасня 2023, 11:59