Святы Айцец заклікаў маліцца за Сінод Біскупаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Місія знаходзіцца ў сэрцы Касцёла. Больш за тое, калі Касцёл перажывае Сінод, сінадальная дынаміка падсілкоўваецца місійным пакліканнем. Такім чынам рэалізуецца адказ на заклік Езуса абвяшчаць Евангелле”, - сказаў Папа. Ён нагадаў, што з Сінодам “нічога не завяршаецца, а касцёльнае падарожжа будзе працягвацца”.
“Гэта шлях, які мы павінны прайсці як вучні з Эмаус – слухаючы Пана, які заўсёды выходзіць насустрач нам. Ён – Пан здзіўлення. Праз малітву і распазнаванне Святы Дух дапамагае нам выконваць “апостальства слухання” – гэта значыць слухаць Бога, каб прамаўляць Божым словам. Такім чынам мы набліжаемся да сэрца Хрыста, з якога нараджаецца наша місія і голас, што прыцягвае да Яго. Гэта голас, што адкрывае нам сутнасць місіі, якая заключаецца ў тым, каб дайсці да ўсіх, шукаць усіх, прымаць усіх, заахвочваць усіх, не выключаючы нікога”, - падкрэсліў Пантыфік.
“Молімся за Касцёл, каб прыняў слуханне і дыялог як стыль жыцця на ўсіх узроўнях, дазваляючы сіле Святога Духа весці сябе на перыферыі свету”, - агучыў Папа сваю малітоўную інтэнцыю.