Папа сустрэўся з епіскапатам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У гэтым сам Папа прызнаўся 6 верасня 2023 года падчас сустрэчы з епіскапатам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Святога Айца вітаў архіепіскап Кіева-Галіцкі, які нагадаў пра балючую сітуацыю, у якой знаходзіцца яго Бацькаўшчына, з ростам колькасці загінулых, параненых і закатаваных. Шаўчук падзякаваў Пантыфіку за яго любоў, праяўленую розным чынам і ў многіх выпадках. Затым выступілі некалькі ўдзельнікаў сустрэчы, кожны з якіх казаў пра пакуты, якія перажывае ўкраінскі народ у розных месцах і па-рознаму.
Францішак уважліва выслухаў скіраваныя да яго словы, выказваючы блізкасць і спагаду перад абліччам трагедыі, якую перажываюць украінцы. Яны падвяргаюцца жорсткасці і злачынствам, якія, на думку Святога Айца, маюць “вымярэнне мучаніцтва”, пра што недастаткова гаворыцца.
Папа звярнуў увагу на пачуццё бездапаможнасці перад абліччам вайны. Ён згадаў украінскіх дзяцей, якіх сустракае падчас аўдыенцый: “яны глядзяць на цябе і не ўсміхаюцца” – “гэта адзін з вынікаў вайны: скрадзеныя дзіцячыя ўсмешкі”.
У адказ на жорсткасць вайны з’явілася патрэба ў большай малітве аб навяртанні людзей і спыненні канфлікту. У адказ на просьбу, якая прагучала падчас сустрэчы, Папа выказаў жаданне, каб у кастрычніку, асабліва ў санктуарыях, ружанцовая малітва была прысвечана міру, у тым ліку і ва Украіне.
Гаворачы пра сваю нядаўнюю сустрэчу з маладымі расіянамі, Францішак спаслаўся на адказ, які даў журналістам у самалёце, вяртаючыся з Манголіі.
Напрыканцы ён нагадаў пра прыклад Езуса падчас Мукі. Збаўца не стаў ахвярай зняваг, катаванняў і ўкрыжавання, але даў сведчанне мужнасці казаць праўду і быць побач з людзьмі, каб яны не падалі духам. “Гэта нялёгка, гэта святасць, але людзі хочуць, каб мы былі святымі і настаўнікамі шляху, якому нас вучыў Езус”, - звярнуў увагу Пантыфік.