Пошук

 Вікторыя Ульма з дзецьмі. Фота з выставы ва Урбаніянскім універсітэце Вікторыя Ульма з дзецьмі. Фота з выставы ва Урбаніянскім універсітэце 

Папа: сям’я Ульма – сімвал каштоўнасцей, якім нельга здраджваць

Напамін пра падзеі Другой сусветнай вайны, якая прывяла да гібелі мільёнаў людзей, павінен заахвоціць да рэфлексіі над сітуацыяй свету, што перажывае фрагментарную трэцюю сусветную вайну, - перакананы Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Няхай ахвяра, складзеная сям’ёй Ульма і іх дзецьмі, якія не вагаючыся аддалі жыццё за аказанне дапамогі васьмі асобамі яўрэйскага паходжання, будзе для нас і для ўсіх пакаленняў сімвалам каштоўнасцей, якім нельга здраджваць нават перад пагрозай смерці”, - напісаў ад імя Папы арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара ў лісце да рэктара Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта. У гэтай навучальнай установе была выдадзена кніга Забілі нават дзяцей. Ульма – сям’я мучанікаў, якая дапамагала яўрэям.

“Аўтараў, выдаўцоў, Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт Яна Паўла ІІ – ініцыятараў і ўсіх, хто працаваў над выданнем гэтай кнігі – а таксама ўсіх чытачоў – Святы Айцец давярае Богу ў малітве і ад усяго сэрца благаслаўляе”, - гаворыцца ў лісце субстытута Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы.

“Святы Айцец выказвае надзею на тое, што напамін пра падзеі Другой сусветнай вайны, якая прывяла да гібелі мільёнаў людзей, у тым ліку мноства нявінных дзяцей і Халакосту, які перажылі яўрэі, заахвоціць сэрцы ўсіх да рэфлексіі над цяперашняй сітуацыяй свету, што перажывае фрагментарную трэцюю сусветную вайну”, - падкрэсліваецца ў лісце аднаго з бліжэйшых супрацоўнікаў Францішка, словы якога прыводзіць інфармацыйнае агенцтва KAI.

Аўтарамі кнігі Забілі нават дзяцей. Ульма – сям’я мучанікаў, якая дапамагала яўрэям з’яўляюцца Мануэла Тулі, журналістка італьянскага інфармацыйнага агенцтва ANSA і ксёндз Павел Рытэль-Андрыянік, кіраўнік польскай праграмы Ватыканскага радыё і Vatican News. Выданне распавядае пра мучаніцтва сям’і Юзафа і Вікторыі Ульма, а таксама іх шасцярых дзяцей, забітых немцамі 24 сакавіка 1944 года за хаванне яўрэяў. 10 верасня 2023 года ў польскім Маркова пройдзе іх беатыфікацыя, якую ўзначаліць кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі.
 

08 верасня 2023, 08:16