Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Папа выбраў тэму Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі

“Штучны інтэлект і мудрасць сэрца: для цалкам чалавечых адносін”, - такую тэму Папа выбраў для 58-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі, які будзе адзначацца ў 2024 годзе. Яе агучылі 29 верасня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Эвалюцыя сістэм штучнага інтэлекту робіць яшчэ больш натуральнымі адносіны праз машыны і з машынамі, так што становіцца ўсё цяжэй адрозніць разлік ад думкі, мову, створаную машынай, ад мовы, якую ствараюць людзі”, - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Святога Пасаду.

Адзначаецца, што “як і ўсе рэвалюцыі – гэтая, заснаваная на штучным інтэлекце, таксама ставіць новыя выклікі, каб машыны не спрыялі распаўсюджванню шырокамаштабнай сістэмы дэзінфармацыі, а таксама, каб не ўмацоўвалі адзіноту тых, хто ўжо адзінокі, пазбаўляючы нас таго цяпла, якое толькі адносіны паміж людзьмі могуць даць”.

“Важна кіраваць штучным інтэлектам і алгарытмамі так, каб у кожнага чалавека было адказнае ўсведамленне выкарыстання і развіцця гэтых розных формаў камунікацыі, якія дапаўняюць формы сацыяльных сетак і інтэрнэту. Неабходна, каб адносіны былі накіраваны на больш поўнае жыццё чалавека”, - падкрэсліваецца ў ватыканскім камюніке.

Сусветны дзень сацыяльнае камунікацыі будзе адзначацца 12 мая 2024 года. Традыцыйнае пасланне Святога Айца з яго нагоды будзе абнародавана 24 студзеня.
 

29 верасня 2023, 12:40