Пошук

Сустрэча з каталіцкай супольнасцю Манголіі Сустрэча з каталіцкай супольнасцю Манголіі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto) Калонка рэдактара

Шэпт у стэпавай цішы

У звароце Францішка да католікаў Манголіі – місія Касцёла. Аб гэтым у сваёй аўтарскай калонцы напісаў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна / Vatican News

У словах, з якімі Папа звярнуўся да Касцёла Манголіі, маленькаму па колькасці, але вялікаму па міласэрнасці, можна знайсці каштоўныя думкі, карысныя далёка за межамі гэтай стэпавай краіны. Наступнік святога Пятра нагадаў, што місія Касцёла ў тым, каб "прысвяціць жыццё Евангеллю". Па яго словах, менавіта таму, што людзі "спазналі ў сваім жыцці ласкавасць любові Бога", таго "Бога, які стаў бачным, датыкальным, якога можна сустрэць у Езусе", Касцёл "не можа перастаць аб’вяшчаць гэтую Навіну”, "увасабляючы яе ў жыцці і шэпчучы яе сэрцам асобных людзей і культур".

Моцна ўражвае вобраз "шэпту сэрцам". Хрысціянства распаўсюджвалася не бурнымі культурнымі бітвамі або пракламацыямі, але таксама не буржуазным ладам веравызнання, які складаецца з абрадаў, традыцый і спакойнага жыцця. Абвяшчаць Евангелле трэба перш за ўсё жыццём, шаптаць яго сэрцам людзей і культур. Дзеяслоў шаптаць нагадвае біблейскі ўрывак, у якім “Бог з’яўляецца прароку Іллі не ў землятрусе або ў агні, а ў веянні ціхага ветру".

Сапраўды прыцягвае толькі адгалосак сведчання. Не выпадкова Фрыдрых Ніцшэ так папракаў сваіх сучаснікаў-хрысціян: "Вашы твары заўсёды шкодзілі вашай веры больш, чым нашы довады!”

Прывілеяваны шлях сведчання Евангелля – гэта міласэрнасць, як добра відаць на прыкладзе маленькага Касцёла Манголіі. Францішак заклікаў католікоў гэтай краіны заўсёды вяртацца да першапачатковай крыніцы – аблічча Езуса. Таму што, у адваротным выпадку, нават пастырскае служэнне "рызыкуе ператварыцца ў бясплоднае аказанне паслуг, у выкананне абавязкаў, якія нічога не нясуць”.

Папа падкрэсліў, што Езус, даручаючы сваім вучням місію, паслаў іх "не распаўсюджваць палітычныя меркаванні, а сведчыць сваім жыццём аб новых адносінах з Яго Айцом, які стаў нашым". Такім чынам, Касцёл, які атрымаў такі мандат, - гэта бедны Касцёл, які не абапіраецца на рэсурсы, структуры, прывілеі і ўладу, а “толькі на сапраўдную веру, на бяззбройную і абяззбройваючую моц Уваскрослага, здольную палегчыць пакуты параненага чалавецтва”.

Вось чаму ўрадам і свецкім установам "няма чаго баяцца евангелізацыйных дзеянняў Касцёла, таму што ў яго няма палітычнага парадку дня, які трэба выконваць, ён ведае толькі сціплую моц Божай ласкі і словы міласэрнасці і ісціны, здольныя спрыяць дабрабыту ўсіх", - з такім важным пасланнем звярнуўся Францішак не толькі да Манголіі, дзе павага да розных рэлігій мае шматвяковую традыцыю, але і да яе вялікіх суседзяў.

02 верасня 2023, 11:46