Пошук

Святы Айцец сустрэўся з беднымі і заахвоціў да братэрства

Другі дзень свайго падарожжа ў Марсэль Францішак распачаў прыватнай сустрэчай з Намеснікам старшыні Еўрапейскай камісіі Маргарыцісам Схінасам і візітам у Сэн-Марон – самы бедны раён горада.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

23 верасня 2023 года раніцай Святы Айцец прыняў у біскупскім палацы ў Марсэле еўракамісара па пытаннях абароны еўрапейскага ладу жыцця, моладзі, культуры і адукацыі, з якім правёў кароткую прыватную размову. Затым ён сустрэўся з прадстаўнікамі гуманітарных арганізацый, якія дапамагаюць мігрантам.

Потым Пантыфік адправіўся ў дабрачынны цэнтр Сясцёр Місіянерак Любові, якія працуюць на перыферыі горада. Ён сустрэўся там з манахінямі і людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкай фінансавай сітуацыі. У кароткім прывітанні Папа заахвоціў будаваць братэрства, нягледзячы на палітычныя, сацыяльныя і рэлігійныя адметнасці.

“Братэрства яднае нас. Жыць як браты і сёстры – гэта прарочы ўчынак. Нягледзячы на ўсе рэлігійныя ці палітычныя адметнасці – мы браты і сёстры”, - сцвердзіў Францішак, выказваючы падзяку місіянеркам за сведчанне і клопат пра патрабуючых.

23 верасня 2023, 10:56