Святы Айцец: сёння мы маем патрэбу ў новым духоўным узрушэнні
Марыя Валодзіна – Vatican News
У другой палове дня 23 верасня 2023 года Францішак узначаліў святую Імшу, якая прайшла на стадыёне Веладром у Марсэлі. Гэта было апошняе афіцыйнае мерапрыемства ў рамках апостальскага падарожжа Папы ў гэты французскі горад.
У гаміліі Пантыфік спаслаўся на два ўрыўкі з Святога Пісання. У адным гаворыцца пра цара Давіда, які, перавозячы Каўчэг Запавету ў Іерусалім, танчыў ад радасці, адчуваючы прысутнасць Пана (2 Сам 6, 1-15). Другі распавядае пра наведванне Марыяй Альжбеты (Лк 1, 39-45). Пачуўшы прысутнасць Месіі, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні Альжбеты і пачало танцаваць, як цар Давід перад Каўчэгам. Па словах Святога Айца, Марыя прадстаўлена ў гэтым урыўку як “сапраўдны Каўчэг Запавету”, які нясе свету Пана. Гісторыя гэтых жанчын сведчыць аб тым, што Бог “робіць магчымым нават тое, што здаецца немагчымым, спараджае жыццё нават у бясплоддзі”.
Францішак заклікаў прысутных запытаць сябе, ці вераць яны, што Бог “схаваным і часта непрадказальным чынам” дзейнічае ў іх жыцці, у гісторыі, нават у грамадствах, пазначаных секулярызмам і рэлігійнай абыякавасцю. Адказ на гэтае пытанне можа даць унутранае трапятанне. Той, хто верыць, моліцца, вітае Пана, адчувае, што ўнутры нешта варушыцца, танчыць ад радасці, як дзіцятка ва ўлонні, - сказаў Святы Айцец.
Вера нараджае гэтае ўнутранае трапятанне, узрушэнне перад жыццём, якое з’яўляецца супрацьлегласцю абыякаваму, халоднаму сэрцу, неадчувальнаму да ўсяго і ўсіх, нават да трагічнага знішчэння жыцця мігрантаў, ненароджаных дзяцей і пакінутых старых.
Акрамя ўзрушэння перад жыццём, вера спараджае і ўзрушэнне ў адносінах да блізкіх. У гісторыі Марыі і Альжбеты “мы бачым, што Божае наведванне адбываецца не праз нейкія незвычайныя нябесныя падзеі, а ў прастаце сустрэчы”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы заўсёды памятаць, што Бог – гэта адносіны, чалавечыя сустрэчы. Ён прысутнічае ў нас, “калі нашы сэрцы не застаюцца абыякавымі і нячулымі да ран тых, хто слабейшы”.
“Нашы мегаполісы і многія еўрапейскія краіны, такія як Францыя, дзе суіснуюць розныя культуры і рэлігіі, супрацьстаяць індывідуалізму, эгаізму і замкнёнасці”, - зазначыў Пантыфік, заклікаючы вучыцца ў Езуса клопату аб тых, хто жыве побач з намі.
Сёння ўсе мы – Касцёл, Францыя, Еўропа – маем патрэбу ў новым узрушэнні веры, любові і надзеі. Нам трэба зноў знайсці запал і энтузіязм, зноў адкрыць густ прыхільнасці братэрству, - сказаў Святы Айцец, заахвочваючы хрысціян узрушыцца, прыняць агонь Святога Духа, каб з запалам вырашаць сучасныя праблемы Міжземнамор'я.
Напрыканцы гаміліі Папа памаліўся Маці Божай Нотр-Дам-дэ-ла-Гард, каб яна берагла чалавечыя жыцці, ахоўвала Францыю і ўсю Еўропу і дазволіла нам адчуць духоўнае ўзрушэнне.