Пошук

У Ватыкане прайшло экуменічнае малітоўнае чуванне

Вечарам 30 верасня 2023 года на плошчы святога Пятра адбылося перадсінадальнае чуванне Разам (Together), падрыхтаванае экуменічнай Супольнасцю Тэзэ.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Чуванне напярэдадні Сінода Біскупаў па сінадальнасці ўзначаліў Францішак. Удзел у ім прынялі кіраўнікі хрысціянскіх канфесій: праваслаўныя Патрыярхі, прадстаўнікі старажытных Усходніх Цэркваў, Англіканскай Царквы, Сусветнай лютэранскай федэрацыі, Старакаталіцкіх Цэркваў і евангельскіх пяцідзясятніцкіх супольнасцей.

У 17:00 на плошчы святога Пятра прагучалі малітвы, сведчанні і словы ўдзячнасці: за дар адзінства, за дар іншага, за дар міру і за дар тварэння. Спевы падчас чування праспявалі хары з Украіны, Нігерыі, Сербіі.

Хлопцы і дзяўчына з Лівана, Інданезіі і Славеніі падзяліліся сваім досведам сінадальнага падарожжа. Даніэла з Калумбіі і Ваэль з Сірыі распавялі пра свой жыццёвы шлях і пра тое, што для іх значыць мір. Прагучала прыпавесць пра Добрага Самараніна, а таксама ўрыўкі з Кнігі Быцця. Разам са словамі падзякі Богу за дар тварэння прагучалі і словы заклапочанасці экалагічным крызісам у яго розных вымярэннях. Пасля гэтага ўдзельнікі Сінода, моладзь і бежанцы здзейснілі сімвалічны жэст – працягнулі блакітную раку, як сімвал справядлівасці і міру, якія ацаляюць і перамагаюць несправядлівасць і насілле.

Перадсінадальная вігілія пачалася ў 18:00. Яе распачаў Папа Францішак. Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I прачытаў малітву. Прагучалі спевы, малітвы, чытанні ў выкананні прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. 8 хвілін прайшлі ў маўчанні.

Францішак звярнуўся да прысутных з гаміліяй, у якой звярнуў увагу менавіта на значэнне цішыні і маўчання “ў жыцці верніка, у жыцці Касцёла і на шляху хрысціянскага адзінства”.

Папа нагадаў, што "маўчанне ў касцёльнай супольнасці робіць магчымымі братэрскія зносіны". Толькі калі мы змаўкаем, каб паслухаць іншых, Святы Дух здольны наблізіць нашы пункты гледжання. Больш за тое, маўчанне "дазваляе па-сапраўднаму адрозніваць, уважліва прыслухоўвацца да ўздыхаў Святога Духу, занадта глыбокіх для слоў". Таму Пантыфік заклікаў прысутных на плошчы святога Пятра прасіць Святога Духа "дараваць дар слухання” ўдзельнікам маючага адбыцца Сінода.

Праўда "не мае патрэбы ў гучных крыках, каб дастукацца да сэрцаў людзей", - сказаў Святы Айцец, таму вернікам трэба "вызваліцца ад вялікага шуму”, каб пачуць голас Бога. “Бо толькі ў нашым маўчанні гучыць Яго Слова".

Па словах Папы, маўчанне неабходна і для дасягнення хрысціянскага адзінства, таму што яно "мае фундаментальнае значэнне для малітвы, а экуменізм пачынаецца з малітвы". "Чым больш мы разам звяртаемся да Пана ў малітве, тым больш адчуваем, што менавіта Ён ачышчае і аб'ядноўвае нас, пераадольваючы нашы адрозненні", - сказаў Францішак, завяршаючы гамілію малітвай аб тым, каб мы былі “бліжэй да Хрыста” і “больш згуртаванымі паміж сабой”.

Напрыканцы чування на прыступкі перад базілікай быў апушчаны Крыж, каб усе жадаючыя маглі падысці і памаліцца ля яго, даручыўшы Хрысту свае ўласныя беды, а таксама пакуты свету.

Экуменічнае малітоўнае чуванне Together
30 верасня 2023, 19:51