Анёл Панскі: быць сумленнымі ў веры хрысціянамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец спаслаўся на фрагмент Евангелля, які чытаецца ў ХХVI Звычайную нядзелю, пра двух сыноў, якіх бацька просіць пайсці працаваць у вінаградніку (Мц 21, 28-32). Адзін з іх адразу адказвае так, але потым не ідзе. Другі спачатку адмаўляецца, але потым адумваецца і ідзе.
Каментуючы гэтую сцэну, Папа падкрэсліў важнасць сумленнасці ў жыцці веры. Таму што сын, які кажа так, але не ідзе, з’яўляецца не толькі грэшнікам, але і дэмаралізаваным чалавекам, таму што лёгка хлусіць, каб прыкрыць і замаскіраваць сваю непаслухмянасць, не пагаджаючыся ні на дыялог, ні на шчырую размову.
Другі сын, які кажа не, але потым ідзе, наадварот, – сумленны. Ён бярэ на сябе адказнасць за свае паводзіны і дзейнічае адкрыта. Гэта сумленнасць дазваляе яму апамятацца і вярнуцца на правільны шлях. “Можна сказаць, што ён грэшнік, але ён не дэмаралізаваны чалавек. А для грэшніка заўсёды ёсць надзея на адкупленне; дэмаралізаванаму гэта значна складаней. Бо яго фальшывае так, яго элегантная, але крывадушная знешнасць і яго выдумкі, якія сталі звычкай, падобныя на тоўстую сцяну маўчання, за якой ён абараняе сябе ад згрызот сумлення”, - звярнуў увагу Папа.
Святы Айцец заахвоціў вернікаў, чытаючы гэты евангельскі ўрывак, задумацца над сваім стаўленнем. “Няхай Марыя, люстэрка святасці, дапамагае нам быць сумленнымі хрысціянамі”, - пажадаў Францішак перад тым, як прачытаць малітву Анёл Панскі і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.