Анёл Панскі: мы не належым ні да якога цэзара гэтага свету
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак спаслаўся на фрагмент Евангелля (Мц 22, 15-21), прачытаны ў ХХIX Звычайную нядзелю года А, які змяшчае сцвярджэнне Хрыста: “Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”.
Ён звярнуў увагу на тое, што гэтыя словы часта няправільна разумеюць, быццам Езус хацеў аддзяліць мірское ад духоўнага. Пантыфік падкрэсліў, што веру нельга аддзяліць ад жыцця, выклікаў грамадства, сацыяльнай справядлівасці і палітыкі. Ён адзначыў, што клопат аб зямным парадку належыць палітыцы, грамадскім інстытутам, сацыяльна-эканамічным працэсам, а задача вернікаў – клапаціцца аб тым, што ім даручана: аб захаванні закона і справядлівасці ў сферы працы, аб сумленнай выплаце падаткаў, аб імкненні да агульнага дабра.
“У той жа час, аднак, Езус пацвярджае фундаментальную рэчаіснасць: што чалавек належыць Богу, увесь чалавек і кожны чалавек. Гэта азначае, што мы не належым ні да якой зямной рэчаіснасці, ні да якога цэзара гэтага свету. Мы належым Пану і не можам быць рабамі ніякай зямной улады”, - падкрэсліў Святы Айцец. “Рэчы гэтага свету належаць цэзару, а чалавек і сам свет належаць Богу – давайце не забывацца пра гэта!” - звярнуўся ён.
Францішак заахвоціў вернікаў задумацца аб наяўнасці ўсведамлення таго, “што належым Пану”, не “дазваляць фарміраваць сябе логіцы гэтага свету і ператвараць працу, палітыку і грошы ў ідалаў, якім трэба пакланяцца”.
Папа заахвоціў сабраных на плошчы святога Пятра прасіць Маці Божую аб дапамозе ў распазнаванні сваёй годнасці, годнасці кожнага чалавека і павазе да яе.