Францішак дзецям: вайна – гэта заўсёды памылка
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кніга пад назвай Дарагія дзеці... На вашы пытанні адказвае Папа (Cari bambini… Il Papa risponde alle vostre domande) выйдзе ў свет у выдавецтве Mondadori Electa у аўторак 17 кастрычніка 2023 года. У ёй Францішак адказвае на пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак з куткоў свету.
Дарослыя і вайна
На пытанне "Чаму існуюць войны?”, якое задаў дзесяцігадовы іспанскі хлопчык Дарыё, Папа адказаў так: "Таму што ў сталым узросце мы рызыкуем упасці ў спакусу эгаізму, улады і грошай. Нават цаной вядзення вайны супраць іншай краіны, якая перашкаджае дасягненню ўлады або ў якой ёсць лідар з тымі ж мэтамі. Нават ведаючы, што гэта азначае забойства людзей. Занадта часта ў гісторыі тыя, хто станавіўся лідарамі нацыі, не маглі стрымаць свайго жадання быць мацней за ўсіх, дамінаваць над светам. Гэта называецца імперскія інтарэсы, вы будзеце вывучаць гэта ў школе па падручніках гісторыі. Сёння на планеце шмат войнаў і гвалту, і хоць некаторыя кажуць, што часам яны справядлівыя, я не сумняваюся, што вы зразумееце, што яны заўсёды памылковыя. Вайна – гэта заўсёды памылка", - сказаў Папа.
Мір ва ўсім свеце
Дзевяцігадовая Ізабэла з Панамы спытала Францішка, ці наступіць калі-небудзь мір ва ўсім свеце і як яго дасягнуць. Святы Айцец адказаў: "Так, мы не павінны змірыцца, мір магчымы, дасягальны. Я спадзяюся, што рана ці позна "вялікія людзі" зразумеюць, што ў цалкам мірным свеце мы ўсе будзем жыць лепш. Аднак кожны павінен узяць на сябе абавязацельства скласці зброю, спыніць гвалт, не правакаваць напружанасць і сутыкненні. І выкараніць са свайго сэрца жаданне дамінаваць над іншым, смагу панавання і грошай. У нашых сэрцах павінна быць толькі любоў да бліжняга, гэта значыць да блізкіх і далёкіх людзей, асабліва да тых, хто пакутуе або па той ці іншай прычыне знаходзіцца ў бядзе. Гэта тычыцца таксама і лідараў краін. Калі б мы ўсе жылі такім чынам, было б менш агрэсіі і менш страху: усе мы былі б больш спакойнымі, задаволенымі. Любоў перамагае вайну і робіць людзей шчаслівымі".
Адносіны з дарослымі
Дзевяцігадовая Марыя з Венгрыі запытала, чаму, па словах Папы, дарослыя павінны вучыцца ў дзяцей. "Таму што вы мудрыя, у вас чыстае сэрца, у вас няма забабонаў. Таму што вы кажаце праўду ў твар (...), не ўсведамляючы гэтага, вы дапамагаеце дарослым, якія ўмеюць вас слухаць, асабліва вашым бацькам, жыць больш сумленна і шчодра. Вы, дзеці, умееце цаніць час: час вучобы, малітвы, весялосці, гульняў у адзіночку, з сябрамі і бацькамі. Спадзяюся, і вашы бацькі знойдуць час, каб пагуляць з вамі. Акрамя таго, вы дапамагаеце дарослым заставацца сціплымі. Таму што для вас яны проста мама ці тата, ці, ва ўсякім выпадку, дарослыя мужчыны і жанчыны. Такім чынам, вы "збіваеце з панталыку" таго, хто занадта самаўлюбёны, таму што для вас мае значэнне не яго прэстыжная пасада альбо знакамітасць, а ролі, якую ён гуляе ў адносінах да вас”.
Экалогія
Дзевяцігадовы нарвежац Паўль спытаў, чаму Францішак клапоціцца пра прыроду. "Таму што змена клімату і забруджванне, выкліканае дзейнасцю чалавека, могуць прывесці да знікнення чалавецтва. (...) Але ў мяне ёсць упэўненасць у калектыўнай свядомасці моладзі і дзяцей па экалагічных пытаннях. Хлопчыкі і дзяўчынкі, часта дзякуючы школе, усвядомілі, што будучыня належыць ім, і што неабходна тэрмінова дзейнічаць зараз, каб выратаваць будучыню. Экалагічныя рашэнні дзяржаў, узгодненыя на міжнародным узроўні, маюць вырашальнае значэнне, гэтак жа як і паводзіны кожнага з нас у паўсядзённым жыцці: перапрацоўка другаснай сыравіны, клопат пра тое, каб не марнаваць ваду і ежу, чытанне кніг, якія тлумачаць экалагічныя праблемы. Мы ўсе разам павінны больш не забруджваць тварэнне і клапаціцца пра яго, заўсёды выбіраць дзеянні на карысць нашага навакольнага асяроддзя, таму што гэта наш агульны дом”, - нагадаў Святы Айцец.
Дзеці-бежанцы
Дзесяцігадовы суданец Самуэль распавёў, што жыве ў лагеры бежанцаў, дзе ўсе яго сябры пакутуюць ад голаду: калі ўсё ў парадку, "мы ядзім адзін раз у дзень". Ён прызнаўся Францішку, што амаль заўсёды ўсміхаецца, хоць часам "мне раптам хочацца плакаць, таму што я хацеў бы ўцячы далёка-далёка...” Папа адказаў: "Усе дзеці павінны мець магчымасць хадзіць у школу і мець месца для гульняў". Існуе шырока распаўсюджанае меркаванне, што Афрыку "трэба толькі эксплуатаваць, а не дапамагаць". “Але, калі ласка, не губляй надзеі на лепшую будучыню. Я спадзяюся, што рана ці позна багатыя краіны зразумеюць, што яны не могуць працягваць эксплуатаваць Афрыку, адмовяцца ад вашых зямель, будуць інвеставаць рэсурсы, каб дапамагчы вам вырашыць сур'ёзныя праблемы, і пачнуць сацыяльныя пераўтварэнні, якія дазволяць кожнаму весці годнае жыццё і марыць пра эпоху росквіту, якая ўжо не занадта далёкая”.
Гасціннасць
Дзесяцігадовы італьянец Алесандра, які сябруе з хлопчыкам Момо, пацікавіўся, што думае Папа пра той факт, што некаторыя дарослыя не хочуць, каб у іх краіну прыязджалі “бедныя сем'і”. У адказ яму Францішак падкрэсліў каштоўнасць сацыяльнага сяброўства. "Мы заўсёды павінны ставіцца адзін да аднаго як да братоў і сясцёр, без недаверу да краіны паходжання, рэлігіі або культуры. Вы з'яўляецеся прыкладам для тых, у каго ёсць прадузятасці адносна тых, хто прыехаў здалёк, з-за мяжы. Ніхто ніколі і нідзе больш не павінен адчуваць сябе чужынцам. Вы, дзеці, выдатна ставіцеся да новых таварышаў. Вы здольныя інтэграваць сваю ідэнтычнасць - праз гульню і дыялог - з ідэнтычнасцю тых, хто прыбывае з далёкіх краін, часта таму, што ім даводзіцца ратавацца ад войнаў, гвалту, несправядлівасці, беднасці, голаду, пераследаў. Вы, дзеці, несяце вельмі важнае пасланне: ізаляваць сябе няправільна і контрпрадуктыўна. Узаемнае знаёмства, сяброўскія адносіны прыносіць карысць абодвум бакам. І тут дарослыя, у тым ліку лідары нацый, таксама павінны вучыцца ў вас: захоўваць карані і адначасова адкрывацца свету”, - адказаў Святы Айцец.