Пошук

Кніга "Пытанні Бога, пытанні да Бога. У дыялогу з Бібліяй". Кніга "Пытанні Бога, пытанні да Бога. У дыялогу з Бібліяй". 

Францішак: пытанні Езуса – спроба прабіць абалонку нашага эга

Пытанні з’яўляюцца “сімптомам жыцця”, “прыкметай неспакою”, які штурхае наперад, а таксама “адкрытасці на прыняцце таго, што пераўзыходзіць нас” і гатоўнасці шукаць праўду, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак напісаў прадмову да кнігі Пытанні Бога, пытанні да Бога. У дыялогу з Бібліяй (Domande di Dio, domande a Dio. In dialogo con la Bibbia), якая 31 кастрычніка 2023 года выйдзе ў Ватыканскім выдавецтве. Яе аўтары – два дамініканіна: айцец Цімаці Рэдкліф з Вялікабрытаніі і айцец Лукаш Попко з Польшчы. У кнізе яны каментуюць васямнаццаць пытанняў, якія сустракаюцца на старонках Святога Пісання.

Пантыфік падкрэсліў, што “Езусу падабалася задаваць пытанні”: Ён любіў размаўляць з людзьмі свайго часу, звяртаўся непасрэдна да іх сэрцаў, каб узрушыць унутраны свет кожнага. “Гэта была спроба прабіць абалонку эга і дапамагчы прасачыцца ўнутр алею любові”, - напісаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што на самым пачатку Евангелля святога Яна Месія спытаўся ў вучняў, якія ішлі за Янам Хрысціцелем: “Чаго шукаеце?”; першымі словамі Хрыста ў Евангеллі святога Лукі з’яўляецца пытанне да Яго бацькоў: “Чаго ж вы шукалі Мяне?”. Напрыканцы Евангелляў святога Марка і святога Мацвея Ён скіроўвае драматычнае пытанне Айцу: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?”; а пасля ўваскрасення выйшаў насустрач Марыі Магдалене і спытаў яе: “Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?”.

Задаваць пытанні – не толькі прэрагатыва Бога, але таксама нешта вельмі чалавечае. Пытанні выяўляюць імкненне асобы да пазнання, ведаў, паказваюць прыроджаную схільнасць кожнага з нас не задавальняцца тым, што ёсць, а ісці далей, дасягаць нечага, паглыбляцца ў тэму. Пытанні з’яўляюцца “сімптомам жыцця”, “прыкметай неспакою”, які штурхае наперад, а таксама “адкрытасці на прыняцце таго, што пераўзыходзіць нас” і гатоўнасці шукаць праўду. “Бестурботныя сэрцы не задаюць пытанняў. Хто мае адказы на ўсё, не пытаецца ні пра што”, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што, калі “абмяжоўваемся толькі тым, што даем адказы, тады касцянеем ва ўласным поглядзе на рэчы”.

Папа падзякаваў аўтарам кнігі за тое, што яны напоўнілі сваю працу гумарам. “Гумар – гэта лёгкасць, далікатнасць, ён дорыць душы радасць і надзею. Людзі, якія маюць пачуццё гумару, рэдка не любяць іншых, звычайна яны шчодрыя і могуць ставіць пад пытанне саміх сябе”, - напісаў Францішак, нагадваючы перафразаванае кімсьці евангельскае благаслаўленне: “Шчаслівыя здольныя смяяцца з сябе, бо ніколі не скончаць весяліцца”. “З гэтай кнігі я чую тры заклікі: каб мы, вернікі, заставаліся няўрымслівымі, каб заўсёды ўмелі задаваць пытанні, а таксама, каб мелі крыху пачуцця гумару”, - завяршыў прадмову Пантыфік.
 

30 кастрычніка 2023, 09:32