Францішак: ставіць асабістую бяспеку людзей вышэй нацыянальнай
Марыя Валодзіна - Vatican News
Тэма фестывалю Свабода эміграваць ці застацца паўтарае тэму сёлетняга Сусветнага дня мігранта і бежанца.
У сваім пасланні Францішак падкрэсліў, што “адказы на сённяшнія міграцыйныя праблемы могуць быць толькі глабальнымі і доўгатэрміновымі”, таму што міграцыя – гэта “шматгранная, складаная, глабальная і доўгатэрміновая з'ява”.
Папа нагадаў, што пры распрацоўцы міграцыйнай палітыкі і праграм у цэнтры павінен стаяць чалавек. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць найбольш уразлівым катэгорыям, такім як жанчыны і дзеці. “Фактычна, прынцып першынства чалавечай асобы і яе недатыкальнай годнасці абавязвае нас заўсёды ставіць асабістую бяспеку людзей вышэй нацыянальнай", - напісаў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў удзельнікаў фестывалю распрацаваць канкрэтныя прапановы, каб спрыяць легальнай і бяспечнай міграцыі. Для гэтага "неабходна памножыць намаганні па барацьбе са злачыннымі арганізацыямі, якія ўзбагачаюцца на марах мігрантаў”. Таксама неабходна вызначаць і пашыраць больш бяспечныя міграцыйныя маршруты, - зазначыў Папа.
З іншага боку, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб гарантаваць усім і кожнаму права не міграваць. "Мігранты бягуць ад беднасці, з-за страху і адчаю. Каб ліквідаваць гэтыя прычыны і, такім чынам, пакласці канец прымусовай міграцыі, неабходна агульная прыхільнасць усіх і кожнага. (...) Мы павінны прыкласці намаганні, каб спыніць гонку ўзбраенняў, эканамічны каланіялізм, захоп рэсурсаў іншых народаў, спусташэнне нашага агульнага дома”, - заклікаў Святы Айцец.