Пошук

Генеральны рэлятар Сінода: усе запрошаны быць часткай Касцёла

Калі будзем паводзіць сябе як Езус, тады будзем сведчыць пра любоў Бога да свету, - нагадаў кардынал Жан-Клод Олерыш, адкрываючы чацвёртую генеральную кангрэгацыю XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 кастрычніка 2023 года ўдзельнікі сінадальнага сходу, які праходзіць у Ватыкане, прыступілі да абмеркавання другога модуля Instrumentum laboris, прысвечанага тэме Камунія, якая выпраменьваецца. Цягам бліжэйшага тыдня яны засяродзяцца на пытанні: “Як больш поўна быць знакам і прыладай еднасці з Богам і еднасці чалавечай сям’і?”.

З уступным словам да ўдзельнікаў форума звярнуўся генеральны рэлятар Асамблеі, кардынал Жан-Клод Олерыш. Іерарх нагадаў пра любоў Бога да кожнага чалавека, а таксама падзяліўся сведчаннем пра афрыканскую сям’ю, якая прыбыла ў Еўропу, але не змагла знайсці сабе месца ў каталіцкай парафіі, якую наведвала, бо супольнасць вернікаў, што прыходзіла на Імшу, не давала ім глыбокага пачуцця адзінства: на іх глядзелі зверху ўніз з прычыны іх адметных рэлігійных традыцый.

“Яны адчувалі сябе адчужанымі і тады знайшлі метадысцкую супольнасць, дзе былі прыняты, дзе атрымалі канкрэтную дапамогу, каб зрабіць першыя крокі ў новай краіне. Але ў першую чаргу яны былі прыняты як браты і сёстры, а не як аб’екты дабрачыннай дапамогі, не былі проста сродкам для людзей, якія хацелі зрабіць ім дабро: былі прыняты як людзі, што ідуць разам”, - расказаў люксембургскі іерарх.

Кардынал Олерыш падкрэсліў, што “ўсе запрошаны быць часткай Касцёла”, пра што казаў Францішак. “У глыбокай еднасці з Айцом праз Святога Духа Езус пашырыў гэту еднасць на ўсіх грэшнікаў. Ці гатовыя мы зрабіць тое самае? Ці гатовы мы зрабіць гэта з групамі, якія, магчыма, нас раздражняюць, бо іх спосаб існавання, здаецца, пагражае нашай тоеснасці?”, - спытаў іерарх, дадаючы: “Калі будзем паводзіць сябе як Езус, тады будзем сведчыць пра любоў Бога да свету”.

“Што гэта значыць для экуменізму? Як жыць нашай каталіцкай верай так, каб глыбокая еднасць, якую мы адчулі падчас малітоўнага чування перад нашымі рэкалекцыямі, не была прыгожым выключэннем, але стала звычайнай рэчаіснасцю? Як мы можам глыбока жыць нашай верай у нашай культуры, не выключаючы людзей іншых культур? Як мы можам узаемадзейнічаць з людзьмі іншых веравызнанняў дзеля справядлівасці, міру і цэласнай экалогіі?”, - паставіў пытанні кардынал Олерыш, заклікаючы ўдзельнікаў сінадальнага сходу да дыскусій і рэфлексіі.

Іерарх заўважыў, што на працягу бліжэйшых двух дзён удзельнікі Сінода Біскупаў будуць працаваць у малых групах, якія былі пераарганізаваны – цяпер яны сфармаваны не па моўным прынцыпе, але таксама па тэматычным. Арцыбіскуп Люксембурга заклікаў не баяцца напружанасці, якая можа ўзнікнуць пры абмеркаванні другога модуля Instrumentum laboris: “Напружанасць з’яўляецца часткай працэсу, пакуль мы лічыць сябе братамі і сёстрамі, якія ідуць разам”.
 

09 кастрычніка 2023, 12:13