Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Інтэрв’ю з Папам: падтрымаць рэальную інтэграцыю мігрантаў

Ты не адзін. Выклікі, адказы, спадзяванні – пад такой назвай 24 кастрычніка 2023 года выйшла кніга-інтэрв’ю з Францішкам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Размову са Святым Айцом правялі Франчэска Амбраджэці і Сержа Рубін. Сярод тэм, якія абмяркоўваюцца, – складаныя пытанні, звязаныя з феноменам міграцыі ў сучасным свеце. Вытрымкі апублікавала італьянскае выданне La Stampa.

“Разумею пэўную асцярожнасць з боку некаторых грамадзян і разважлівасць улад краін, якія прымаюць мігрантаў, таму што ў некаторых выпадках яны апраўданыя”, - прызнаўся Пантыфік. “Тым не менш, пераход ад свайго роду страху да тэрору і закрыцця меж здаецца мне ірацыянальным падыходам”, - прызнаўся ён.

На думку Францішка, трэба прааналізаваць, як можна падтрымаць рэальную інтэграцыю. Стварэнне гета, сацыяльная ізаляцыя прыезджых і дзейнасць агрэсіўных фундаменталісцкіх груповак прыводзяць да сур'ёзных праблем.

У інтэрв’ю Папа звярнуў увагу на распаўсюджванне радыкальна ісламісцкіх арганізацый. Ён адзначыў, што ў рэгіёнах, куды не дасягнуў уплыў такіх ідэалогій, жыццё паміж хрысціянамі і мусульманамі грунтуецца на ўзаемнай павазе, таму што большасць мусульман насамрэч жадаюць міру.

Святы Айцец таксама прызнаў, што несправядлівасць каланіялізму і няўдалыя спробы заходніх краін бяздумна перанесці дэмакратыю ў культурна адрозныя грамадствы таксама адыгралі сваю ролю ў развіцці цяперашняй сітуацыі. Ён прывёў у прыклад Лівію і Ірак. Адзін з жыхароў першай з гэтых краін “сказаў мне, што раней у іх быў толькі адзін Кадафі, цяпер іх 53”, - прызнаўся Папа.

Пры гэтым ён падкрэсліў: “Звярніце ўвагу – я не абараняю ні Кадафі, ні Хусэйна. Але што пакінула пасля сябе вайна? Арганізаваную анархію і новую вайну”. Таму сам Францішак выступае за такое прасоўванне дэмакратыі, якое дазволіла б ёй арганічна інтэгравацца ў адпаведныя грамадствы, нават калі гэта заняло б больш часу.
 

24 кастрычніка 2023, 10:33