Laudate Deum: заклік Папы ў адказ на кліматычны крызіс
Марыя Валодзіна - Vatican News
Апостальская адгартацыя Францішка дапаўняе энцыкліку Laudato si' з 2015 года. Яе асноўныя тэзісы: прынятых мер недастаткова, мы набліжаемся да пераломнага моманту; прычынай глабальнага пацяплення, несумненна, з'яўляецца дзейнасць чалавека; клопат пра агульны дом вынікае з хрысціянскай веры.
Новы дакумент складаецца з 6 раздзелаў і 73 параграфаў. Напярэдадні канферэнцыі па клімаце COP28, якая адбудзецца ў Дубаі праз два месяцы, Святы Айцец заклікае да сумеснай адказнасці перад абліччам змены клімату, таму што свет “разбураецца і, магчыма, набліжаецца да пераломнага моманту”. Гэта "адна з асноўных праблем, якія стаяць перад грамадствам і сусветнай супольнасцю”, “ад наступстваў змены клімату пакутуюць найбольш уразлівыя людзі” (3).
Змена клімату становіцца ўсё больш відавочнай
У першым раздзеле адгартацыі гаворыцца аб тым, што "прыкметы змены клімату”, такія як экстрэмальныя з'явы надвор'я, анамальная спякота і засухі, становяцца ўсё больш відавочнымі, як бы іх ні адмаўлялі. “Некаторыя кліматычныя змены, выкліканыя дзейнасцю чалавека, значна павышаюць верагоднасць больш частых і інтэнсіўных экстрэмальных з'яў", - папярэдзіў Папа.
У адказ тым, хто адмаўляе ці прымяншае змену клімату, Францішак напісаў: “сёння мы назіраем незвычайнае паскарэнне пацяплення”. "Верагодна, праз некалькі гадоў многія групы насельніцтва будуць вымушаны з прычыны гэтых з'яў пераехаць на новыя месцы” (6).
Нельга абвінавачваць бедных
Францішак нагадаў, “што невялікі працэнт багатага насельніцтва свету забруджвае больш, чым 50 працэнтаў найбяднейшага”. Афрыка, дзе жыве больш за палову бедных, нясе адказнасць толькі за мінімальную частку выкідаў за ўсю гісторыю" (9).
На думку Папы, памылкова сцвярджаць, што меншае выкарыстанне выкапнёвага паліва прывядзе “да скарачэння працоўных месц”. Насамрэч, “мільёны людзей губляюць працу" з прычыны змены клімату, у той час як добра арганізаваны пераход да аднаўляльных крыніц энергіі здольны стварыць незлічоныя працоўныя месцы ў розных сектарах. Неабходна, каб палітыкі і прадпрымальнікі неадкладна паклапаціліся пра гэта (10).
Вынік дзейнасці чалавека
Больш не можа падвяргацца сумневу тое, што змена клімату – гэта вынік дзейнасці чалавека, - напісаў Францішак. "За апошнія 50 гадоў рост канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы рэзка паскорыўся" (11). У той жа час тэмпература паветра "расце з небывалай хуткасцю, якая не мае прэцэдэнтаў у апошнія дзве тысячы гадоў" (12). Гэта вядзе да акіслення акіянаў і раставання ледавікоў. Нельга хаваць сувязь паміж гэтымі падзеямі і ростам выкідаў парніковых газаў. Пераважная большасць кліматолагаў прызнаюць гэтую ўзаемасувязь, і толькі мінімальны працэнт навукоўцаў спрабуе абвергнуць гэтыя доказы.
На жаль, кліматычны крызіс – гэта не тое пытанне, якое б “цікавіла вялікія дзяржавы з моцнай эканомікай, якія клапоцяцца аб атрыманні максімальнага прыбытку пры мінімальных выдатках і ў самыя кароткія тэрміны" (13).
У нас мала часу, каб пазбегнуць трагедыі
"Я вымушаны даваць гэтыя тлумачэнні, якія могуць падавацца відавочнымі, з прычыны некаторых грэблівых і неабгрунтаваных меркаванняў, якія сустракаюцца нават у Каталіцкім Касцёле. Але мы ўжо не можам сумнявацца ў тым, што прычынай незвычайнай хуткасці гэтых небяспечных змен з'яўляецца бясспрэчны факт: буйнамаштабныя падзеі звязаны з неўтаймаваным умяшаннем чалавека ў прыроду” (14). На жаль, некаторыя наступствы кліматычнага крызісу – незваротныя, і застануцца з намі як мінімум на сотні гадоў. Тэрмінова неабходна больш шырокае бачанне... Ад нас не патрабуецца нічога, акрамя пэўнай адказнасці за спадчыну, якую мы пакінем пасля сябе ў гэтым свеце" (18).
Тэхнакратычная парадыгма: ідэя чалавека без абмежаванняў
У другім раздзеле Францішак засяроджвае ўвагу на тэхнакратычнай парадыгме, якая прымушае нас “думаць, быццам рэальнасць, дабро і ісціна могуць спантанна расквітнець, дзякуючы моцы тэхналогіі і эканомікі" (20). Гэтая парадыгма грунтуецца на ідэі чалавека без абмежаванняў.
"Ніколі раней чалавецтва не валодала такой уладай над сабой, але не існуе гарантыі таго, што яна пойдзе на карысць чалавецтва, асабліва калі ўлічваць тое, як яна выкарыстоўваецца... Жудасна рызыкоўна, што гэтая ўлада належыць невялікай частцы чалавецтва" (23).
Пантыфік нагадаў, што "навакольны свет – не аб'ект эксплуатацыі, нястрымнага выкарыстання, бязмежных амбіцый" (25). Мы – частка прыроды і гэта значыць, што чалавек не з'яўляецца “чужынцам ці вонкавым фактарам, здольным толькі на тое, каб наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю” (26).
Этычная дэградацыя ўлады: маркетынг і ілжывая інфармацыя
Мы дасягнулі "ўражлівых і цудоўных тэхналагічных дасягненняў, але не ўсведамляем таго, што адначасова сталі вельмі небяспечнымі, здольнымі паставіць пад пагрозу жыццё многіх істот і наша ўласнае выжыванне” (28).
"Этычная дэградацыя рэальнай улады ўтойваецца пад маскай маркетынгу і ілжывай інфармацыі – карыснымі механізмамі ў руках тых, хто валодае рэсурсамі, неабходнымі для ўплыву на грамадскую думку”. "Зачараваныя абяцаннямі ілжывых прарокаў, бедныя часам таксама паддаюцца падману свету, не пабудаванага для іх” (31). Перавага застаецца на баку “тых, хто нарадзіўся ў лепшых для развіцця ўмовах" (32).
Слабая міжнародная палітыка
У наступным раздзеле Святы Айцец звяртаецца да тэмы слабасці міжнароднай палітыкі, настойваючы на неабходнасці "шматбаковых пагадненняў паміж дзяржавамі" (34). Ён заклікае да “большай эфектыўнасці сусветных арганізацый, надзеленых паўнамоцтвамі гарантаваць агульнае дабро ў свеце". Такія арганізацыі "павінны быць надзелены рэальнымі паўнамоцтвамі для гарантыі рэалізацыі пэўных мэт, абавязковых для выканання" (35).
Францішак выказаў жаль у сувязі з тым, што “глабальныя крызісы праходзяць марна”, як гэта адбылося з фінансавым крызісам 2007-2009 гадоў і з пандэміяй каронавіруса, якія прывялі да “яшчэ большага індывідуалізму, меншай інтэграцыі, большай свабоды для моцных, якія заўсёды знаходзяць спосабы заставацца на плаву" (36).
Сённяшняя задача – аднавіць новую шматбаковасць “у святле новай глабальнай сітуацыі" (37), прызнаючы пры гэтым, што кампенсаваць недахопы міжнароднай супольнасці дапамагаюць шматлікія аб’яднанні і арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Інстытуты, якія абараняюць правы наймацнейшых, не прыносяць карысць
На думку Францішка, шматбаковасць павінна рэалізоўвацца “знізу", а не “ўладнымі элітамі”. (38). Для эфектыўнага супрацоўніцтва неабходныя новыя рамкі, “глабальныя механізмы" рэагавання, "універсальныя і эфектыўныя правілы" (42). Таму неабходна "нешта накшталт вялікай дэмакратызацыі ў сусветнай сферы... Больш не будзе карысна падтрымліваць інстытуты, якія абараняюць правы наймацнейшых, не клапоцячыся пра правы ўсіх". (43)
Чаго чакаць ад канферэнцыі па клімаце ў Дубаі?
Як піша Пантыфік у наступным раздзеле, "мы не можам адмовіцца ад мары аб тым, што COP28 прывядзе да рашучага паскарэння пераходу ў сферы энергетыкі і эфектыўных абавязацельстваў, якія можна будзе пастаянна кантраляваць. Канферэнцыя можа стаць паваротным момантам". (54) На жаль, "неабходны пераход да чыстых крыніц энергіі (...), не ідзе досыць хутка". (55)
Хопіць высмейваць экалагічную праблему
Францішак заклікаў пакласці канец "безадказным насмешкам” тых, хто высмейвае экалагічную праблему з эканамічных інтарэсаў. Гаворка ідзе пра "чалавечую і сацыяльную праблему ў шырокім сэнсе і на розных узроўнях, таму патрабуецца ўдзел усіх".
Што тычыцца пратэстаў радыкальных груповак, на думку Папы, "яны запаўняюць пустэчу, якая існуе ў грамадстве", таму што "кожная сям'я павінна думаць аб тым, што на карту пастаўлена будучыня іх дзяцей" (58) і аказваць здаровы ціск.
Пантыфік выказаў спадзяванне на тое, што на Канферэнцыі COP28 з'явяцца новыя "формы энергетычнага пераходу”, якія будуць абавязковымі, эфектыўнымі і лёгка кантраляванымі (59). "Мы спадзяемся, што дакладчыкі будуць стратэгамі, здольнымі думаць пра агульнае дабро і будучыню сваіх дзяцей, а не пра абмежаваныя інтарэсы якой-небудзь краіны ці кампаніі. Няхай такім чынам яны прадэманструюць высакароднасць палітыкі, а не яе ганьбу". (60)
Абавязацельства, якое вынікае з хрысціянскай веры
Францішак нагадаў аб тым, што прыхільнасць абароне навакольнага асяроддзя вынікае з хрысціянскай веры. Ён заахвоціў "братоў і сясцёр іншых рэлігій рабіць тое ж” (61).
"Юдэйска-хрысціянскае бачанне свету падтрымлівае своеасаблівую і цэнтральную каштоўнасць чалавечай асобы сярод цудоўнага канцэрта ўсіх жывых істот... Мы складаем свайго роду сусветную сям'ю, аб'яднаную ўзнёслымі адносінамі, якія заклікаюць нас да святой, міласэрнай і пакорлівай павагі” (67). "Гэта не залежыць ад нашай волі (...), таму што Бог цесна злучыў нас з навакольным светам" (68). Важна памятаць, што "не бывае працяглых змен без змен культурных... А культурныя змены немагчымыя без змен у людзях" (70). "Намаганні сем'яў па скарачэнні забруджвання і адходаў, разумным спажыванні ствараюць новую культуру" (71).
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што "выкіды на душу насельніцтва ў Злучаных Штатах прыкладна ўдвая большыя, чым у Кітаі, і прыкладна ў сем разоў большыя, чым у сярэднім у самых бедных краінах". "Шырокая распаўсюджанасць безадказнага ладу жыцця па заходняй мадэлі сур'ёзна паўплывае ў доўгатэрміновай перспектыве”, - папярэдзіў Францішак, заклікаючы да “неабходных палітычных рашэнняў”, каб ісці “па шляху ўзаемнага клопату" (72).