Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Папа: Божая ласка ратуе ад унутранай сапсутасці

6 кастрычніка 2023 года ў ватыканскім выдавецтве LEV выйдзе ў свет кніга “Святыя, а не свецкія”, якая змяшчае два тэксты Францішка. Прадмову да выдання таксама напісаў Святы Айцец.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святыя, а не свецкія. Божая ласка ратуе нас ад унутранай сапсутасці – пад такім загалоўкам выйдзе кніга, якая змяшчае артыкул Хорхэ Берголіа пра сапсутасць і грэх, упершыню апублікаваны ў 1991 годзе на іспанскай мове, а таксама пасланне Францішка да духавенства Рымскай дыяцэзіі, распаўсюджанае 5 жніўня 2023 года. У прадмове да кнігі Папа патлумачыў, што прычынай, якая схіліла яго да публікацыі гэтых тэкстаў, з’яўляецца яго заклапочанасць “саступкамі духоўнай свецкасці".

Хрысціянская вера – гэта барацьба, унутраная бітва, якую мы вядзем, каб пераадолець спакусу закрыцца ў нашым уласным я, каб дазволіць нам жыць любоўю Айца, які жадае нам шчасця, - адзначыў Пантыфік у сваёй прадмове.

Як паслядоўнікі Езуса мы вядзем гэтую барацьбу перш за ўсё супраць духоўнай свецкасці, якая з'яўляецца паганствам, замаскіраваным у касцёльны ўбор. Знешне яна мае падабенства чагосьці святога, але насамрэч з'яўляецца ідалапаклонствам, бо не прызнае прысутнасці Бога як Пана і Збавіцеля ў нашым жыцці і ў сусветнай гісторыі. Духоўная свецкасць пакідае нас ва ўладзе нашых капрызаў і жаданняў, - папярэдзіў Святы Айцец.

“Такім чынам, мы павінны змагацца. Але наша барацьба не марная і не безнадзейная, таму што ў гэтай барацьбе ўжо ёсць пераможца - Езус, які сваёй смерцю перамог моц граху. І cваім уваскрасеннем даў нам шанец стаць новымі людзьмі”, - гаворыцца ў прадмове Францішка.

Па словах Папы, Езус памёр такой смерцю, на крыжы, каб мы больш не сумняваліся ў тым, што яго рукі адкрыты, каб узяць у абдымкі нават апошняга з грэшнікаў. І гэтая вечная любоў накіроўвае шлях хрысціяніна і Касцёла.

Касцёл гіне, калі не стаіць дастаткова блізка да крыжа свайго Пана. Як гэта ні парадаксальна, моц, жыццёвая сіла, надзея, хрысціянскі плён, плён Касцёла паходзяць адтуль. Усё астатняе – толькі дым у вачах, свецкая ілюзія. Касцёл падманвае сябе і свет, калі выдае сябе за дзяржаву сярод дзяржаў, ці за арганізацыю, няхай і гуманітарную, ці за евангелічны рух, здольны паказваць відовішчы. Ён можа ззяць, але не можа гарэць агнём Божай любові, - працытаваў Францішак словы біскупа Аранскага П'ера Клаверы.

У барацьбы з духоўнай свецкасцю ёсць імя – святасць. Святасць не дасягаецца раз і назаўжды. Гэта бесперапыннае, нястомнае жаданне заставацца ля крыжа Езуса. Нам будзе карысна ўспомніць тое, што казаў Езус: "Без Мяне нічога не можаце зрабіць" (Ян 15, 5). Такім чынам, святасць – значыць заставацца адкрытымі ў нашым паўсядзённым жыцці для чагосьці большага, аб чым просіць Бог, - зазначыў у прадмове Святы Айцец.

На думку Францішка, кніга дасць чытачу магчымасць паразважаць пра сваё жыццё і пра жыццё Касцёла, захоўваючы перакананне ў тым, што Бог просіць нас быць адкрытымі, неспакойнымі і ніколі не задавольвацца на шляху да святасці.

06 кастрычніка 2023, 15:45