Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да моладзі: майце вялікія мары, у Бога яны таксама ёсць!

13-14 кастрычніка 2023 года ў міланскім каталіцкім каледжы Сан-Карла праходзіць саміт лідарства. Святы Айцец даслаў удзельнікам моладзевага мерапрыемства сваё прывітанне і кароткае разважанне.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Папа падзякаваў маладым людзям за тое, што “у час, адзначаны сур'ёзнымі сацыяльнымі і кліматычнымі крызісамі”, яны разам з настаўнікамі і выхавальнікамі жадаюць “унесці ўласны ўклад у змяненне свету”. На яго думку, важна, каб моладзь мела вялікія мары і заўсёды параўноўвала іх з Божымі марамі.

"Калі вы хочаце стаць пратаганістамі пераменаў, адкрыйце для сябе невычэрпнае зачараванне асобы Езуса”, - параіў Пантыфік, дадаючы, што “Яго спосаб пераўтварэння сітуацый не душыць, а ўзвышае, не прымушае, а вызваляе. Хрыстус перамяняе чалавека знутры, уключаючы кожнага з вас, каб вы маглі праявіць свае лепшыя сілы і таленты”. Папа заклікаў моладзь ісці за Езусам з поўнай упэўненасцю, імкнучыся не да ўзвышэння сябе над іншымі, а да служэння іншым. “Самы вялікі – той, хто схіляецца над тым, хто ўпаў”, - лічыць Францішак.

Удзельнікі саміту лідараў разважаюць у гэтыя дні над пяццю пачуццямі, дадзенымі нам Богам. Папа нагадаў, што “інтэгральнай адчувальнасці" таксама спрыяюць так званыя духоўныя пачуцці, якія не супрацьстаяць псіхафізічным пачуццям, але адукоўваюць чалавека і пашыраюць яго магчымасці.

Святы Айцец заклікаў навучэнцаў каталіцкага каледжа шанаваць магчымасці, якія дае ім школа, не ўспрымаць іх як належнае: "Мноства вашых аднагодкаў у свеце, асабліва дзяўчынак, нават не маюць магчымасці вучыцца. Дзейнічайце таксама і дзеля іх, змагайцеся за іх правы. Таму што вера – гэта полымя, якое становіцца мацней, калі ім дзеляцца, калі яго перадаюць далей, каб кожны мог спазнаць, палюбіць і вызнаваць Езуса Хрыста, які з'яўляецца Панам жыцця і гісторыі”.

14 кастрычніка 2023, 09:43