Пошук

Пантыфік: евангелізацыя патрабуе адзінства, інкультурацыі і свабоды

Адзінства, інкультурацыя і свабода – на гэтыя тры аспекты евангелізацыйнай дзейнасці святых Кірыла і Мятода звярнуў увагу Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 25 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу “двум вельмі вядомым на Усходзе братам”, названым “Апосталамі славян” – святым Кірылу і Мятоду. Яны нарадзіліся ў IX стагоддзі ў Грэцыі ў арыстакратычнай сям’і, але адмовіліся ад палітычнай кар’еры і пакінулі ўсё, каб прысвяціць сябе манаскаму жыццю. Іх прабыванне ўдалечыні ад свету, аднак, працягвалася нядоўга: братоў адправілі як місіянераў у Вялікую Маравію, дзе ў той час пражывалі розныя народы, што былі часткова евангелізаваныя, але яшчэ захоўвалі многія язычніцкія звычаі і традыцыі. Таму мясцовы князь прасіў, каб нехта змог патлумачыць хрысціянскую веру на іх мове.

Святы Айцец падкрэсліў, што першым заданнем Кірыла і Мятода было глыбокае вывучэнне культуры гэтых народаў, падчас якога выявілася, што яны не маюць уласнага алфавіту. “Для абвяшчэння Евангелля і малітвы быў патрэбны ўласцівы, адпаведны, асаблівы інструмент” і таму святы Кірыл распрацаваў глаголіцу, а таксама пачаў перакладаць Біблію і літургічныя тэксты на славянскую мову. Дзякуючы гэтаму людзі адчулі, што хрысціянская вера больш не была “чужой”, але інкультурыравалася, стала іх верай, што пераказвалася на іх матчынай мове. “Падумайце: два грэчаскія манахі падарылі алфавіт славянам. Менавіта гэта адкрытасць сэрца ўкараніла Евангелле паміж іх”, - дадаў Францішак.

Папа заўважыў, што хутка Кірыл і Мятод сустрэлі супрацьдзеянні з боку некаторых лацінян, “якія лічылі, што пазбаўляюцца манаполіі на прапаведванне сярод славян”. Яны “мелі закрыты лад мыслення” і казалі, што Бога можна праслаўляць толькі на трох мовах – на яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай. Але Кірыл рашуча адказаў: “Бог хоча, каб кожны народ славіў Яго на ўласнай мове”.

“Разам са сваім братам Мятодам ён звярнуўся да Папы, які зацвердзіў літургічныя тэксты на славянскай мове”, - нагадаў Францішак, дадаючы, што хутка пасля гэтага Кірыл памёр, а яго рэліквіі дагэтуль ушаноўваюцца ў рымскай базіліцы святога Клемента. Мятод жа быў пасвячоны ў біскупы і зноў скіраваны на землі славян. Там ён шмат пакутаваў, быў нават пазбаўлены свабоды, “але Божае слова не закаваць у кайданы, і яно пашыралася сярод гэтых народаў”.

Пантыфік нагадаў, што святы Ян Павел ІІ далучыў святых Кірыла і Мятода да ліку нябесных апекуноў Еўропы і прысвяціў ім энцыкліку Slavorum Apostoli. Францішак звярнуў увагу таксама на тры важныя аспекты евангелізацыйнай дзейнасці Кірыла і Мятода.

“У першую чаргу – гэта адзінства: грэкі, Папа, славяне – у той час у Еўропе было непадзеленае хрысціянства, якой супрацоўнічала дзеля евангелізацыі”, - падкрэсліў ён. Другі аспект – інкультурацыя Евангелля і евангелізацыя культуры, бо “немагчыма прапаведваць Евангелле абстрактна”, - сказаў Пантыфік. Трэці аспект дзейнасці Апосталаў славян – свабода. “Для прапаведвання неабходна свабода, якая заўсёды патрабуе мужнасці. Чым больш свабодны чалавек, тым больш ён мужны”, - дадаў Папа.

“Браты і сёстры, давайце папросім святых Кірыла і Мятода, апосталаў славян, каб мы былі інструментамі “свабоды ў любові” да іншых, каб былі крэатыўнымі, пастаяннымі і пакорнымі, з малітвай і служэннем”, - заклікаў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі Святы Айцец.
 

25 кастрычніка 2023, 10:42

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >