Пошук

Папа: феномен міграцыі – заклік будаваць адзінства ў любові

Міграцыя з’яўляецца заклікам будаваць адзінства ў любові. Каб адказаць на яго, трэба выхоўваць сэрцы, багатыя каталіцкасцю, гэта значыць, якія прагнуць паўсюднасці і адзінства, сустрэчы і камуніі, лічыць Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 кастрычніка 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай духоўнасці святога Джавані Батысты Скалабрыні (1839-1905) – італьянскага біскупа, заснавальніка кангрэгацый Місіянераў і Місіянерак святога Карла Барамэа, адным з прыярытэтных заданняў якіх з’яўляецца клопат пра мігрантаў.

Пантыфік заўважыў, што міграцыя часта з’яўляецца трагедыяй, а не “салодкім пілігрымаваннем у еднасці”, а таксама дадаў, што, як кожны чалавек мае права на міграцыю, так у большай ступені ён мае права застацца на ўласнай зямлі і жыць там у міры і з годнасцю.

Францішак нагадаў, што для Джавані Батысты Скалабрыні міграцыя стала заклікам да будавання адзінства ў любові. Гледзячы на сваіх бедных суайчыннікаў, якія пакідалі радзіму ў пошуку лепшага жыццё, ён зразумеў, што гэта быў Божы знак для яго: заклік “дапамагаць матэрыяльна і духоўна гэтым людзям, каб ніхто з іх, пакінутых на ўласны лёс, не быў згубленым, не страціў веру; каб маглі дасягнуць, як кажа прарок Ісая, святой гары Ерузалема”. Пантыфік падкрэсліў, што для Скалабрыні такім Ерузалемам быў Каталіцкі Касцёл – Касцёл паўсюдны, быццам горад, які адкрыты для ўсіх, “хто шукае дом і бяспечны порт”.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей “выхоўваць сэрцы, багатыя каталіцкасцю, гэта значыць, якія прагнуць паўсюднасці і адзінства, сустрэчы і камуніі”. Гэта заклік пашыраць менталітэт блізкасці, клопату і гасціннасці, і дапамагаць узрастаць у свеце “цывілізацыі любові”.

“Аднак было б утапічна сцвярджаць, што ўсяго гэтага можна дасягнуць толькі чалавечымі сіламі. Наадварот, гаворка ідзе пра супрацоўніцтва з дзеяннем Духа і, такім чынам, пра тое, каб дзейнічаць у гісторыі пад кіраўніцтвам і з сілай, якая паходзіць ад Бога: дазволіць Яго бясконцай пяшчоце заваяваць нас, каб адчуваць і дзейнічаць згодна з Яго шляхамі, якія не заўсёды нашы, каб распазнаваць Яго ў чужынцах і знаходзіць у Ім сілу любіць бескарысліва”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў законнікаў і законніц да ўмацаванне блізкіх і глыбокіх асабістых адносін з Езусам Хрыстом праз удзел у святой Імшы і эўхарыстычную адарацыю. Ён нагадаў, што святы Джавані Батыста Скалабрыні вельмі любіў адарацыю і практыкаваў яе нават ноччу, нягледзячы на стомленнасць і шматлікія абавязкі, бо разумеў, што “без малітвы няма місіі”. “Таму, дарагія браты і сёстры, заклікаю вас абнавіць вашы дзеянні на карысць мігрантаў, і ўсё больш і больш укараняць іх на моцным духоўным жыцці, па прыкладзе вашага заснавальніка”, - сказаў Папа.
 

14 кастрычніка 2023, 11:21