Папа: клапаціцца пра мігрантаў па прыкладзе Добрага Самараніна
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Увечары 19 кастрычніка 2023 года Пантыфік узначаліў малітву за мігрантаў і бежанцаў. Яна прайшла ля бронзавага помніку мігрантам усіх часоў, які ў 2019 годзе быў устаноўлены на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.
Папа нагадаў пра лёс людзей, вымушаных пакідаць свае дамы і здзяйсняць рызыкоўныя падарожжы з надзеяй знайсці лепшае жыццё, падкрэсліваючы, што яны нярэдка становяцца абрабаванымі і пазбаўленымі ўсяго, трапляюць у рукі несумленых гандляроў людзьмі, прадаюцца як тавар або выкрадаюцца, знявольваюцца, эксплуатуюцца і ператвараюцца ў нявольнікаў.
“Яны падвяргаюцца прыніжэнням, катаванням і гвалту. Многія паміраюць, ніколі не дасягнуўшы мэты”, - дадаў ён, заўважаючы, што міграцыйныя шляхі ў наш час напоўнены параненымі і ледзь жывымі людзьмі, братамі і сёстрамі, стогн якіх узыходзіць да Бога. “Часта гэта людзі, якія ўцякаюць ад вайны і тэрарызму”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы пра драматычныя падзеі апошніх дзён.
Францішак спаслаўся на прыпавесць пра Добрага Самараніна, заклікаючы па яго прыкладзе злітавацца над параненымі людзьмі, бо літасць – гэта “Божая пячатка на нашых сэрцах”. “Як Добры Самаранін мы пакліканы стаць блізкімі да сучасных вандроўных, каб ратаваць іх жыцці, лячыць іх раны, суцяшаць іх боль. Для многіх, на жаль, гэта ўжо занадта позна і нам не застаецца нічога іншага, як плакаць над іх магіламі, калі яны маюць іх. Але Пан ведае кожнага з іх, і ніколі не забудзе”, - падкрэсліў Пантыфік.
Папа нагадаў, што Добры Самаранін не толькі дапамог параненаму чалавеку на дарозе, але даставіў яго ў заезд і забяспечыў неабходным клопатам. “У гэтым мы можам знайсці сэнс чатырох слоў, якія абагульняюць нашу дзейнасць на карысць мігрантаў: прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць”, - сцвердзіў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра адказнасць у доўгатэрміновай перспектыве. Ён таксама заклікаў памятаць пра магчымасці, якія міграцыя дае, спрыяючы больш інклюзіўным, больш прыгожым, больш мірным грамадствам.
Францішак заахвоціў ствараць бяспечныя і законныя шляхі міграцыі, каб вандроўныя не траплялі ў рукі разбойнікаў. “У цяперашнім глабальным сцэнары відавочна, што неабходна прывесці дэмаграфічную і эканамічную палітыку ў дыялог з міграцыйнай палітыкай на карысць усіх людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтым, не забываючыся ставіць у цэнтр найбольш уразлівых. Неабходна таксама прасоўваць агульны і суадказны падыход да кіравання міграцыйнымі патокамі, якому, здаецца, наканавана павялічыцца ў бліжэйшыя гады”, - дадаў ён, заклікаючы ўдзельнікаў малітвы ў маўчанні згадаць ўсіх, хто згубіў жыццё на міграцыйных шляхах.