Пантыфік: мы пакліканы марыць пра Касцёл, які прымае, служыць і любіць
Аляксандр Панчанка - Vatican News
29 кастрычніка 2023 года Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на заканчэнне XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, якая праходзіла ў Ватыкане на працягу апошніх чатырох тыдняў з удзелам дэлегатаў з усіх кантынентаў. Звяртаючыся да іх у гаміліі Пантыфік заўважыў, што Сінод даў магчымасць разам адкрыць прыгажосць братэрства, слухаць адзін аднаго і Святога Духа.
“Сёння мы не бачым поўнага плёну гэтага працэсу, але з прадбачлівасцю можам глядзець на гарызонт, які адкрываецца перад намі: Пан будзе весці нас і дапаможа нам быць больш сінадальным і місійным Касцёлам, які шануе Бога і служыць жанчынам і мужчынам нашага часу, выходзячы, каб несці ўсім суцяшальную радасць Евангелля”, - сказаў Папа.
Святы Айцец спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне, падкрэсліваючы, што першай запаведдзю для ўсіх хрысціян з’яўляецца запаведзь любові да Бога і бліжняга. Менавіта яна павінна натхняць і весці, а не “нашы стратэгіі, чалавечыя разлікі, мода гэтага свету”.
Францішак зазначыў, што перадаць гэты запал любові дапамагаюць адарацыя і служэнне. “Адарацыя – гэта першы адказ, які можам даць на бескарыслівую любоў Бога, якая выклікае захапленне”, - сказаў ён. Адарацыя дапамагае прызнаць, што толькі Бог – Пан, і што ад Яго любові залежаць нашы жыцці, шлях Касцёла і лёс гісторыі. Праз адарацыю мы нанава адкрываем сябе свабоднымі, - падкрэсліў Папа, дадаючы: хто пакланяецца Богу, той адкідае ідалаў, бо ў той час як Бог вызваляе, ідалы робяць нявольнікамі. “Яны падманваюць нас і ніколі не спаўняюць таго, што абяцаюць, бо з’яўляюцца справай рук людскіх”, - сцвердзіў Пантыфік, нагадваючы пра імкненне людзей “кантраляваць Бога”, укладаючы Яго любоў у нашы схемы, у той час як яна заўсёды здзіўляе і выходзіць за рамкі нашага ўяўлення.
“Мы заўсёды павінны змагацца супраць ідалапаклонства; мірскога, якое часта вынікае з асабістага высакамер’я, напрыклад, імкнення да поспеху, самасцвярджэння любой цаной, прагнасці да грошай (...), зачаравання кар’ерызмам; але і ідалапаклонства, замаскіраванага пад духоўнасць: мая духоўнасць, мае рэлігійныя ідэі, маё пастырскае майстэрства”, - сказаў ён, заклікаючы быць пільнымі, каб не ставіць сябе ў цэнтр замест Бога.
“Няхай гэта будзе для нас, пастыраў, самым галоўным: кожны дзень давайце будзем прысвячаць час на блізкасць з Езусам, Добрым Пастырам, перад табернакулюмам. Няхай Касцёл будзе адарацыйным: у кожнай дыяцэзіі, у кожнай парафіі, у кожнай супольнасці няхай пакланяюцца Пану! Таму што толькі так мы звернемся да Езуса, а не да сябе; таму што толькі праз адарацыйнае маўчанне Божае слова ўселіцца ў нашы словы; бо толькі перад Ім мы будзем ачышчаны, ператвораны і адноўлены агнём Яго Духа. Браты і сёстры, паклонімся Пану Езусу!”, - заахвоціў Папа.
Францішак падкрэсліў таксама, што не бывае сапраўднага рэлігійнага досведу, глухога да воклічу свету. “Не бывае любові да Бога без уключэння ў клопат пра бліжняга, у адваротным выпадку нам пагражае фарысейства”, - папярэдзіў ён, дадаючы: “Магчыма ў нас ёсць шмат цудоўных ідэй для рэфармавання Касцёла, але давайце будзем памятаць: адараванне Бога і любоў да братоў Яго любоўю – гэта вялікая няспынная рэформа”.
Пантыфік пажадаў, каб Касцёл служыў, абмываючы ногі параненаму чалавецтву, спадарожнічаючы на шляху ўразлівым, слабым і адчужаным, з ласкавасцю выходзячы насустрач самым бедным. “Браты і сёстры, я думаю пра тых, хто стаў ахвярай жахлівасці вайны; пра пакуты мігрантаў, пра схаваны боль тых, хто апынуўся ў адзіноце і ва ўмовах беднасці; пра тых, хто прыгнечаны цяжарам жыцця; пра тых, у каго ўжо няма слёз, пра тых, у каго няма голасу. І я думаю пра тое, колькі разоў за прыгожымі словамі і пераканаўчымі абяцаннямі аддаецца перавага формам эксплуатацыі або нічога не робіцца для іх прадухілення. Выкарыстоўваць слабейшых – гэта цяжкі грэх, які раз’ядае братэрства і спусташае грамадства. Мы, вучні Езуса, хочам прынесці ў свет іншую закваску, закваску Евангелля: у першую чаргу Бога, а разам з Ім тых, каго Ён любіць, бедных і слабых”, - сказаў Святы Айцец.
“Гэта Касцёл, пра які мы пакліканы марыць: Касцёл, які служыць усім, служыць найменшаму. Касцёл, які ніколі не патрабуе табеля “добрых паводзін”, але прымае, служыць, любіць. Касцёл з адчыненымі дзвярыма, які з’яўляецца портам міласэрнасці”, - сказаў Пантыфік.