Папа: па-сапраўднаму чалавечая сустрэча – бескарыслівая
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Форум на тэму Жыццё ў руху прайшоў 23-26 кастрычніка 2023 года ў бразільскім горадзе Сан-Паўлу. У ім бралі ўдзел каля ста маладых людзей з розных кантынентаў.
“Хачу падзякаваць кіраўніцтву ORT за тую працу, якую яны праводзяць: за разважанне і сведчанне трох ключавых слоў – рух, бескарыслівасць і сустрэча. Каб быць па-сапраўднаму чалавечай і не скіраванай на пошук выгады, сустрэча павінна быць бескарыслівай. А, каб такая сустрэча адбылася, патрэбны рух. Як вы бачыце гэтыя тры словы паказваюць нешта вельмі чалавечае”, - сказаў Папа.
Францішак заўважыў, што супрацоўніцтва паміж адукацыйнымі структурамі World ORT і Scolas Occurentes яшчэ не выявіла ўсяго свайго патэнцыялу, падкрэсліваючы, што гэта абавязкова павінна адбыцца ў будучыні і быць нечым вялікім.
Папскі фонд Scolas Occurentes і яўрэйская некамерцыйная арганізацыя World ORT, якая займаецца пытаннямі прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі, супрацоўнічаюць з 2016 года. У цэнтры іх місіі знаходзіцца разуменне таго, што адукацыя з’яўляецца магутнай прыладай для прасоўвання культуры міру. Кожны год арганізацыі сумесна праводзяць сустрэчы моладзі, дапамагаючы юнакам і дзяўчатам стаць носьбітамі культуры сустрэчы, дыялогу і братэрства ў сваіх краінах.